viasna on patreon

Абаронім «Паўлінку»!

2008 2008-02-01T13:42:50+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пакутная гісторыя нашай Айчыны ведае мноства прыкладаў нахабнага глумлення над беларушчынай. На вялікі жаль, колькасць гэтых прыкрых падзей павялічваецца з кожным днём.

Вось і на самым пачатку года мы сталі сведкамі непрыхаванага здзеку з творчай спадчыны Янкі Купалы. Ён адбыўся ў эфіры тэлеканала АНТ падчас трансляцыі шырока разрэкламаванага "першага беларускага паўнаметражнага тэлевізійнага мюзікла "Паўлінка-new".

Не варта засяроджваць увагу на мастацкіх вартасцях наваспечанага відовішча. Усе тыя, хто глядзеў згаданую пастаноўку, на свае вочы ўпэўніліся ў тым, што ад паўнацэннага шэдэўра нацыянальнай драмы засталіся толькі "рожкі ды ножкі": наяўнасць купалаўскіх дзеючых асоб ды пэўнае падабенства сюжэта.

Шчыраваннем наваяўленых інтэрпрэтатараў знакамітай камедыі зіхатлівая беларуская мова, палымяны заклік да абуджэння нацыянальнай годнасці, спапяляючая пагарда да прыхільнікаў суседняй культуры, па-майстэрску выяўленыя ў купалаўскай "Паўлінцы", зніклі ў бліскуча-займальным карагодзе карнавальных мізансцэн і рознагалосых папсовых кліпаў. Зніклі бясследна, як згінулі пад злавеснымі капытамі "эскадрона смерці" Захаранка, Завадскі ды Ганчар з Красоўскім…

Толькі адно тое, што галоўная гераіня твора размаўляла і спявала выключна на расійскай мове, прымусіла нашага вялікага Песняра і Прарока не адзін раз перавярнуцца ў сваёй дамавіне ад нясцерпнага абурэння і гневу. Хіба ж не Купала завяшчаў нам на скрыжалях сваёй творчасці свята берагчы беларускую мову ("выракацца роднай мовы не маем права") і нацыянальную культуру ("Годзе заходняй ці ўсходняй культуры")?!

Ганебней іншае — наўмыснае імкненне стваральнікаў "Паўлінкі-new" абразіць нацыянальную годнасць нашчадкаў Еўфрасінні Полацкай і Францыска Скарыны, Усяслава Чарадзея і Канстанціна Астрожскага, Кастуся Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі ды ў які ўжо раз прынізіць беларускую мову. Як вядома, у купалаўскай "Паўлінцы" пыхлівы адмаўляльнік роднай мовы і культуры пан Адольф упрыгожваў сваю гаворку словамі і выразамі з мовы суседняй дзяржавы. Але ж намаганнямі сучасных Быкоўскіх і Зноскаў, якія захапілі кіруючае становішча ў нашай краіне (у тым ліку і на БТ), беларуская мова выкарыстана для характарыстыкі адмоўнага персанажа. Каб вырваць з сэрцаў кожнага беларуса любоў да роднай Айчыны і надалей захаваць існуючае становішча ў нашым грамадстве.

Вядома, нельга не адзначыць таленавітае выкананне некаторых песень, якія прагучалі ў мюзікле, у тым ліку і беларускамоўных. Але гэта ўсё — толькі лыжка мёду ў бочцы дзёгця. Бо па сваёй сутнасці "Паўлінка-new" — нізкапробная падробка, цалкам пазбаўленая ідэйнай накіраванасці купалаўскай камедыі.

З'яўленне такіх "твораў" у эфіры дзяржаўнага тэлеканала пераканаўча паказвае паслядоўную дэградацыю кіруючага рэжыму, які цалкам згубіў апошнія маральныя арыенціры. Калі раней нішчылі і аплёўвалі жывых, то цяпер пачынаюць глуміцца над мёртвым. Над яго пасмяротнай воляй і запаветам. Над той апошняй святыняй, што яшчэ застаецца ў нас.

Як ні дзіўна, але кіраўніцтва АНТ паспяшыла аб'явіць гэты мюзікл непераўзыдзеным шэдэўрам і мяркуе паўтараць яго напярэдадні кожнага Новага года. Каб і ў далейшым ператвараць нашу моладзь у бесхрыбетных манкуртаў-"бульбашоў".

У сувязі з гэтым звяртаюся да чытачоў "Народнай волі". Давайце зробім усё магчымае, каб сваімі зваротамі ў дзяржаўныя ўстановы ці, можа, нейкімі іншымі мерамі мы змаглі б дасягнуць спынення далейшых паказаў "Паўлінкі-new".

Магчыма, што больш важкае слова могуць сказаць нашы слынныя рок-музыкі. З'яўленне беларускамоўнай рок-оперы "Паўлінка" з удзелам зорак сусветнай эстрады стане больш прадуктыўным "адказам".

Бессмяротная купалаўская "Паўлінка" не павінна застацца растаптанай ахвярай дзікага палявання спадароў з тэлеабслугі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства