Раённая вертыкаль пачала "рэдагаваць" інтэрнэт
Пасля таго, як светлагорскі прадпрымальнік Анатоль Змітровіч адсядзеў за кратамі, яго вырашылі "прыбраць" і віртуальна.
Анатоль Змітровіч, старшыня Каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі, быў арыштаваны за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, які праводзіўся ў Менску 10 снежня 2007 г. Арышт супаў з днём 21 студзеня, калі ён збіраўся ехаць у Менск на чарговую акцыю пратэсту.
23 студзеня, калі А. Змітровіча выпусцілі з-за кратаў, у Светлагорску выйшаў чарговы нумар мясцовай газеты "Ранак-плюс". Там на другой старонцы апублікаваны артыкул Аляксандра Сівака "Асуджаны за ўдзел у мітынгу". У артыкуле распавядаецца пра тое, як праходзіў працэс над Змітровічам у судзе Светлагорскага раёна.
"Усе нашы звароты і тлумачэнні аб тым, што людзі, а найбольшая частка з іх – гэта жанчыны з дзецьмі, проста апынуцца на вуліцы, засталіся не пачутымі", – прыводзіць газета словы з выступу А. Змітровіча на судзе. Ён казаў пра змушанае звальненне індывідуальнымі прадпрымальнікамі сваіх работнікаў.
Артыкул быў размешчаны і на інтэрнет-сайце газеты. Там жа і фотаздымак, на якім бачна, як людзі прышлі да суда на саладарнасць са Змітровічам. Але пратрымаўся артыкул на сайце толькі два дні, пасля чаго яго прыбралі. Заснавальнікам "Ранку-плюс" з'яўляецца аднайменнае прыватная структура. Гэта значыць, газета не падведамасная раённаму выканаўчаму камітэту. Тым не меньш, мясцовая ўлада імкнецца жорстка кантраляваць выданне (намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі – Сяргей Меркулаў). Зараз артыкул, які зняты з сайта "Ранка", у Інтэрнеце можна прачытаць на старонцы.
Канфіскоўваць газету з бібліятэчных фондаў ці зафарбоўваць у ёй артыкул, як гэта рабілася ў часы сталінскіх рэпрэсій, у Светлагорску пакуль не дадумаліся.
У 2004 годзе ў выніку дзеянняў кіраўніцтва райвыканкама выданне незалежнай газеты "Рэгіён-весткі" спынілася, а яе рэдактар Мікалай Паседзька быў вымушаны эміграваць з краіны.