viasna on patreon

Супрацоўнікі КДБ шкадуюць, што 37 год застаўся ў мінулым

2008 2008-01-30T10:45:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Студэнт Полацкага дзржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Лясун расказвае пра спробу вярбоўкі супрацоўнікам КДБ

21 студзеня каля апоўдня,  калі я рыхтаваўся да свайго чацвёртага іспыту, мне патэлефанавала намеснік дэкана факультэта і паведаміла: "Выканай, калі ласка, адно заданьне: падыйдзі заўтра да трох гадзін дня ў кабінет прарэктара па вучэбнай працы. Там жадаюць цябе бачыць". "А з якой нагоды?”  - удакладніў я. "Не ведаю. Мне нічога не растлумачылі," - адказала намдэкана.

У прызначаны час я прыйшоў у кабінет прарэктара. Мне давялося пачакаць - важная персона была занятая. Хвілін праз 10 хвілін у кабінет зайшоў малады чалавек сярэдняга росту, з чорнымі валасамі, пры гальштуку і звярнуўся да мяне: "Пачакай хвілінку, я зараз". Як аказалася, ён проста шукаў вольны кабінет для гутаркі са мной. Праз некаторы час ён увайшоў і запрасіў прайсці ў іншае месца. Я не зусім дурны чалавек і здагадваўся, куды мяне запрасілі, таму ў якасці кампаніі ўзяў з сабой прыяцеля, які ў гэты час чакаў мяне ў холе. Зразумела, я запрасіў яго пайсці разам са мной, на што чалавек, які мяне запрасіў, сказаў, што гутарка зойме гадзіну і што сябру майму лепш пайсці дадому. Я ж настойваў на сваім, і да кабінета дэкана юрыдычнага факультэта, у якім затым праходзіла гутарка, мы дайшлі ўтрох, таму мой прыяцель бачыў, куды я іду, і з кім. Але ў самім кабінеце мы засталіся ўдваіх.

Гутарка пачалася з таго, што гэты чалавек адразу прадставіўся супрацоўнікам КДБ, палічыўшы, што гэтага для мяне дастаткова. Аднак я папрасіў назваць прозвішча і прад'явіць адпаведныя дакументы. Ён назваў прозвішча Курага, а называючы сваё імя і імя па бацьку, запнуўся, таму  я так і не зразумеў: ці то ён Уладзіміравіч, ці то Васільевіч. Я яшчэ раз папрасіў яго прад'явіць пасведчаньне, але ён сказаў, што забыўся яго і што мне прыйдзецца паверыць яму на слова.

 "Не, не прыйдзецца - я не буду з вамі размаўляць, калі вы не прад'явіце дакументы. Як я магу весткі гутарку з чалавекам, якога не ведаю!?" Ён стаў даводзіць, што я паступаю няправільна, што я заняў няправільную пазіцыю па стаўленьні да яго, што ён да мяне звяртаецца з павагай, мае толькі добрыя намеры, а я паводжу сябе нахабна, абуральна, іду супраць дзяржавы, якая забяспечвае мяне матэрыяльна: дае мне бясплатную адукацыю і плаціць стыпендыю. Я растлумачыў, што мае дзеяньні адпавядаюць закону, і я ўсяго толькі патрабую захаваньня сваіх правоў. А што тычыцца адукацыі, то я на агульных падставах паступіў у ВНУ на конкурснай аснове і сам раблю ўсё для таго, каб атрымліваць стыпендыю.

Тады супрацоўнік КДБ перайшоў прама да таго, што жадаў ад мяне даведацца, але пачаў размову здалёку. Ён спытаў, у які час я выязджаў за мяжу за апошнія два гады. Я адказаў, што гэта ён і сам без мяне добра ведае, бо, верагодна, даўно вывучыў усе мае дадзеныя. Затым ён спытаў, чым я займаўся за мяжой. Я сказаў, што не абавязаны адказваць на такое пытаньне, паколькі гэтае мая асабістая справа. Нарэшце, ён заявіў, што ёсьць падставы падазраваць мяне ў супрацоўніцтве з унутранымі органамі краін,  у якія я выязджаў за апошні час, што я перадаю ім нейкую важную інфармацыю, карацей, падазраваць у шпіянажы. І на поўным сур'ёзе адстойваў свой пункт гледжаньня. Я адказаў, што гэтыя  падазрэньні - натуральнае глупства, што я законапаслухмяны грамадзянін Рэспублікі Беларусь, што з'яўляюся патрыётам сваёй краіны, выконваю ўсе абавязкі перад дзяржавай, што правапарушэньняў не здзяйсьняў і наогул, хай высылае мне позву, калі ёсць нейкія падазрэньні. Тады ён дадаў, што ў 37-м годзе мяне б паставілі тварам да сьценкі, і я нават не ўбачыў бы таго, хто вядзе допыт. "І вы лічыце гэта нармалёвым? Вы лічыце, што так можна звяртацца з людзьмі?" - пачаў я. Але ён, не адказаўшы на маё пытаньне, спытаў, ці ведаю я, якая адказнасьць прадугледжаная за стварэньне незарэгістраванай арганізацыі. З гэтымі словамі ён дастаў Крымінальны кодэкс і пачаў зачытваць нейкі артыкул. Я сказаў яму, што не ствараў ніякую незарэгістраваную арганізацыю і што гэты артыкул не мае да мяне ніякага дачыненьня. Потым малады чалавек стаў мяне пераконваць, што над нашай рэспублікай паўстала пагроза, што заходнія краіны жадаюць заняволіць Беларусь, вярбуючы людзей, якія выязджаюць за мяжу. Ён распавядаў пра адмену прэферэнцый, пра тое, як незалежныя прафсаюзы пісалі скаргі ў Еўразвяз пра парушэньні дэмакратыі ў нашай краіне, што, па яго словах, і спрыяла адмене прэферэнцый. У сувязі з гэтым краіна страціла дзясяткі мільёнаў даляраў. Яшчэ ён сказаў, што я, выязджаючы за мяжу бясплатна, забіраю грошы з кішэні простых людзей, бо грошы на фінансаваньне гэтых паездак бяруцца з пенсійнага фонду і г. д.

Але ж, прычым тут Беларусь і фінансаваньне паездак, і якая  яму справа да пенсійнага бюджэту іншых краін? Дзе тут логіка і здаровы сэнс?  

Затым у кабінет увайшоў дэкан юрыдычнага факультэта. Супрацоўнік КДБ спытаў яго, якая адказнасьць прадугледжаная за стварэньне незарэгістраванай арганізацыі? Дэкан дасведчана адказаў: "Ад 15 сутак да вышэйшай меры пакараньня, але пачынаць трэба з 15 сутак, значыць - саджаць. Але не так важна, на колькі пасадзяць, важна тое, як будуць ставіцца да зняволенага ў турме, бо ўсе канвенцыі па адмене катаваньняў яшчэ толькі ў тэорыі". І гэта казаў сам дэкан юрыдычнага факультэта!

Мы зноў засталіся ўдваіх, і на мяне пасыпаліся ранейшыя пытаньні: калі выязджаў за мяжу, што там рабіў і г. д. Я даваў на іх усё тыя ж адказы. Гутарка набліжалася да завяршэньня, тым больш што і ён, мусіць, ужо стаміўся, паколькі мы прагаварылі 2 гадзіны. Потым гэты чалавек настойліва мяне угаворваў нікому не казаць пра сустрэчу з супрацоўнікам КДБ, пагражаў, папярэджваў, што яшчэ будзе тэлефанаваць мне і запрашаць на гутарку.

Я апісаў гэтую сустрэчу не з мэтай піяру - проста жадаў падзяліцца сваімі ўражаньнямі і надаць галоснасць гэтай падзеі, паколькі гутарка з супрацоўнікам КДБ у мяне адбылася ўпершыню. Гэта проста аповяд аб пэўным выпадку, які адбыўся ў пэўны час і ў пэўным месцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства