viasna on patreon

«Нясвіжскі час» збірае подпісы

2008 2008-01-28T13:42:08+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Нясвіжскі час» збірае подпісы чытачоў пад зваротам да кіраўніцы Нясвіжскага аддзялення «Мінскаблсаюздруку» Таццяны Навошы з просьбай працягнуць дамову на продаж газеты ў кіёсках прадпрыемства.

«У звароце, пад якім падпісваюцца нашы чытачы, гаворыцца аб парушэнні іх канстытуцыйных правоў на атрыманне інфармацыі», — патлумачыў прэс-службе ГА «БАЖ» галоўны рэдактар «Нясвіжскага часу» Аляксей Белы. На афіцыйны зварот рэдакцыі, дасланы яшчэ ў сярэдзіне снежня, кіраўніца мясцовага аддзялення «Саюздруку» ўвогуле не адказала.

У канцы 2007 г. стала вядома, што Нясвіжскае аддзяленне «Мінскаблсаюздруку» адмовілася працягнуць на 2008 год дамову на распаўсюд з выдаўцом газеты — прыватным унітарным прадпрыемствам «ІнтэксПрэс-Рэгіён».

Летась выданне адмовіліся рэалізоўваць у шэрагу гандлёвых кропак, якія належаць прадпрыемству «Нясвіжскі гархарчпрамгандаль». Цяпер месца «Нясвіжскага часу» ў іх заняла дзяржаўная «раёнка» — «Нясвіжскія навіны».

«Нашу газету прадавалі ў Нясвіжы ў 22 гандлёвых пунктах, а цяпер іх засталося толькі 7. Безумоўна, гэта паўплывала на наклад, які год таму быў 2070 асобнікаў, а зараз трымаецца ў межах 1000», — зазначыў А. Белы. Ён падкрэсліў, што супрацоўнікі рэдакцыі цяпер самі прадаюць газету, зрабіўшы адпаведныя дамовы з «ІнтэксПрэс-Рэгіён».

Рэдактар упэўнены, што ўсё рашэнні адносна супрацоўніцтва раённых прадпрыемстваў з газетай прымаюцца на ўзроўні кіраўніцтва раёна. Ён сустракаўся з кіраўнікамі Нясвіжскага райвыканкама, аднак плёну гэта не прынесла. На запыт кіраўніцтва БАЖ летам 2007 г. старшыня райвыканкама Ігар Макар адказаў, што яго ведамства не замінае газеце развівацца. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства