viasna on patreon

У нядзелю з турмы на Акрэсьціна на волю выйшаў сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў

2008 2008-01-28T13:29:50+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева выпусьцілі датэрмінова, а 8‑й гадзіне раніцы. Хаця па пратаколу мусілі выпусьціць у 11.30. Спадар Макаеў усе 15 сутак арышту адмаўляўся ад ежы.

«І мае патрабаваньні гэтай галадоўкі былі — адмена пункту 1.1. прэзыдэнцкага ўказу №760. Другое — спыніць міліцэйскае і судовае самавольства і беззаконьне. Трэцяе — палепшыць бытавыя ўмовы на Акрэсьціна».

Як праходзіла галадоўка у турме на Акрэсьціна?

«Лекар выклікала, а ў мяне галадоўка, пякотка там, баліць галава, ну, у мяне былі лекі асінкаптону, дазвол на гэта далі. Ну, а што лекарка піша: скаргаў няма, здаровы. Парады там, газы выпускаць зь мінэралкі…Дарэчы, Таўстыка і Парсюкевіч, здаецца, знаходзяцца ў 17‑й камэры і таксама абвясьцілі галадоўку. Некалькі чалавек трымаюць галадоўку. Я дакладна ня ведаю. Яны прыкрываюць гэтыя сьпісы, калі даюць за ежу расьпісвацца. Тады гэта пішацца:»Адмова».

Разам з Алесем Макаевым знаходзіліся іншыя арыштаваныя за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў — Карэн Акопаў, Зьміцер Хведарук і Віталь Стажараў. Яны правялі дзень салідарнасьці, калі ўсе сукамэрнікі адмовіліся ад ежы. Спадар Макаеў сказаў, што хлопцы трымаюцца бадзёра.

«Нават нехта маё прозьвішча выкрыкваў. І «Жыве Беларусь!». Мы сьпявалі «Магутны Божа» раніцай ў камэры. Гэта не дазвалялі. Усё роўна сьпявалі. А ў камэры, дзе сядзеў Анатоль Шумчанка, там увогуле харавая капэла. Там Шыла цудоўна сьпяваў, яны там розныя беларускія песьні сьпявалі».

Алесь Макаеў сказаў, што ўмовы ўтрыманьня ў турме на Акрэсьціна вельмі кепскія.

«Я ж галадоўку трымаў. Хоць і дазволілі мне перадаць дадаткова паліто, усё роўна было холадна. Ня робяць ложкаў, няма дзённага сьвятла, радыё. Умовы ўтрыманьня там значна горш, чым на Валадарскага. А так зарадку рабіў, дапамагала моцна».

Алеся Макаева затрымалі 12 студзеня пасьля таго, як яго выклікаў да сябе намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка. Пасьля кароткай размовы яго павезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менска, а потым у суд. Яго зьвінаваіцілі, што ён нібыта на вуліцы Мясьнікова, 38 абражаў менакоў і не зьвяртаў увагі на заўвагі міліцыянтаў. Спадар Макаеў сказаў, што накіруе пратэст у пракуратуру адносна сваіх апошніх арыштаў на 7 і 15 сутак.

Дома Алесь Макаеў пачаў выходзіць з галадоўкі. Ён кажа, што прадпрымальнікі мусяць рыхтавацца да новых акцый:

«Я думаю, што турмамі яны ня спыняць нашу барацьбу».

Заўтра з турмы на Акрэсьціна выходзіць актывіст прадпрымальніцкага руху зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч. Ён быў асуджаны на 15 сутак за ўдзел у акцыі 10 студзеня.

У турме застаюцца больш за два з паловай дзясяткі вязьняў, арыштаваных прэвэнтыўна і за ўдзел у акцыі 21 студзеня. Студэнтка Тацяна Цішкевіч адбывае 20 сутак арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства