viasna on patreon

Прадпрымальнікі чакаюць ад уладаў рашэньня

2008 2008-01-28T12:50:51+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня на рынках выходны дзень. Прадпрымальнікі спадзяюцца, што днямі ўлады зробяць пэўныя крокі для ўрэгуляваньня канфлікту.

Нагадаю: 10 і 21 студзеня прадпрымальнікі ладзілі акцыі пратэсту супраць палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу. Яны патрабавалі адмены ўказу № 760, які забараняе ім наймаць на працу несваякоў. У выніку разгону акцыяў былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.

Сёньня за кратамі застаюцца некалькі прадпрымальнікаў, якіх затрымалі і арыштавалі за ўдзел у акцыі 21 студзеня. Некаторых зь іх на плошчы Незалежнасьці затрымалі на загад міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які кіраваў спэцназаўцамі падчас разгону акцыі.

Некалькіх чалавек аштрафавалі, у тым ліку мужа і жонку Саўчукоў, Віктара Бугаева, якому міністар пры затрыманьні адарваў рукаў у кажуху. За кратамі 15-суткавыя арышты адбываюць прадпрымальнік з Гомелю Ўладзімер Няпомняшчы, прадпрымальнікі зь Менску Сяргей Шаўцоў, Віктар Кукрыш ды іншыя. Усяго за кратамі застаюцца больш за два з паловай дзясяткі чалавек.

Некаторыя ўдзельнікі акцыі прапаноўвалі кожны панядзелак выходзіць з пратэстам на Кастрычніцкую плошчу.

Лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, які 25 студзеня выйшаў на волю пасьля адбыцьця 15 сутак арышту, выказаў сваё меркаваньне: “Я быў на менскіх рынках і размаўляў з прадпрымальнікамі. Пра акцыю ніхто ня ведае. Шмат хто з прадпрымальнікаў асэнсоўвае тыя падзеі, што мелі месца. Прадпрымальнікі абураныя дзеяньнямі ўлады, якая ні на крок не пайшла насустрач. Яны гатовыя да барацьбы, але ў якой форме яна будзе праходзіць найбліжэйшым часам?.. Гэтыя дзеяньні могуць быць і стыхійнага характару. Але ўладам усё ж давядзецца неяк дамаўляцца з прадпрымальнікамі і вырашаць гэтае пытаньне”.

Прадпрымальніца Жана Болсун працуе на рынку “Ждановічы”. Яна ўдзельнічала ў вулічных акцыях: “Мы спадзяемся, што наш прэзыдэнт пачуе нас, бо мы шмат разоў зьвярталіся да яго праз сродкі масавай інфармацыі, пісалі адкрыты ліст, праводзіліся як забастоўкі, так і мітынгі, на якіх прадпрымальнікі зьвярталіся да прэзыдэнта, каб ён вырашыў наша пытаньне. Працаваць без найманых работнікаў немагчыма. Пад пагрозай дабрабыт нашых сем’яў”.

Прадпрымальнікі спадзяюцца, што ўлада цягам тыдня прапануе варыянт, які дазволіць ім захаваць свае працоўныя месцы. Яны маюць намер працягваць вулічныя акцыі ды іншыя мерапрыемствы, калі ня будзе адменены ўказ №760.

Усіх арыштаваных удзельнікаў акцыі 10 студзеня ў турме на вуліцы Акрэсьціна дапыталі сьледчыя. Пасьля заканчэньня акцыі ўлады заявілі, што распачата крымінальная справа з факту вулічных забурэньняў. Пры гэтым не было пашкоджаных вітрын, пацярпелых з боку супрацоўнікаў міліцыі ці выпадковых мінакоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства