viasna on patreon

Брыль і Сапега нарэшце прапісаліся на менскіх вуліцах

2008 2008-01-25T14:40:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Міністэрства юстыцыі зацвердзіла рашэнне Мінскага гарсавета па прысваенні новым вуліцам сталіцы імёнаў народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля і канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.

Як паведаміў БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў, у лісце, які паступіў у штаб‑кватэру ТБМ з упраўлення культуры Мінскага гарвыканкама, паведамляецца, што ў Мінюсце прайшло юрыдычную экспертызу рашэнне сталічнага гарсавета ад 30 лістапада 2007 года аб наданні новым запраектаваным вуліцам у мікрараёне Міхалова‑1 імёнаў вядомага пісьменніка Я.Брыля і выдатнага беларускага дзяржаўнага дзеяча XVI стагоддзя Л.Сапегі.

Гэта стала магчымым, лічыць А.Трусаў, дзякуючы пазіцыі кіраўніцтва ТБМ і падтрымцы жыхароў Мінска.

Нагадаем, што 26 верасня 2007 года Мінскі гарсавет прыняў рашэнне аб прысваенні новым вуліцам сталіцы імёнаў Я.Брыля і Л.Сапегі. Аднак Міністэрства юстыцыі падчас правядзення юрыдычнай экспертызы гэтага рашэння вынесла адмоўнае заключэнне са спасылкай на 15 артыкул Закона «Аб адміністрацыйна‑тэрытарыяльным дзяленні і парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна‑тэрытарыяльнага ўладкавання Рэспублікі Беларусь». Па меркаванні чыноўнікаў, падчас прысваення новых назваў мінскім вуліцам не была ўлічана думка насельніцтва. У гэтай сітуацыі 26 лістапада 2007 года кіраўніцтва ТБМ звярнулася да жыхароў сталіцы з прапановай падтрымаць рашэнне Мінскага гарсавета па гарадскіх тапонімах і накіраваць адпаведныя лісты ў Мінскі гарсавет і Мінюст.

Старшыня ТБМ выказаў удзячнасць жыхарам сталіцы і дэпутатам Мінскага гарсавета за іх паслядоўную пазіцыю, дзякуючы якой у сталіцы з’явіліся вуліцы, названыя імёнамі нашых славутых землякоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства