viasna on patreon

Зьмітра Жалезьнічэнку тэрмінова забіраюць у войска

2008 2008-01-25T14:05:49+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як паведаміла маці адлічанага студэнта Ала Фёдараўна, сёньня раніцай Зьміцер адправіўся ў ваенкамат па позве, каб паведаміць, што ён хварэе і раённы тэрапеўт накіраваў яго ў паліклініку па месцы вучобы (дыягназ - гіпертанія), аднак у ваенкамаце на гэта не зьвярнулі ніякай увагі. Менавіта зараз гомельскага моладзевага актывіста, студэнта-выдатніка, адлічанага з вучобы па палітычных матывах, ужо афармляюць дакументы для службы ў чыгуначных вайсках у Жлобін.

Між тым, учора ўвечары Зьміцер Жалезьнічэнка быў затрыманы ў Гомелі супрацоўнікамі праваахоўных органаў нібыта па падозраньню ў крадзяжы. У пастарунку яго дапыталі і праз нейкі час адпусьцілі, сказаўшы, што, калі будзе патрэбна, яго выклічуць позвай.

Ала Фёдараўна Жалезьнічэнка ўпэўнена, што другое адлічэньне з вучобы яе сына было ўзгоднена з ваенкаматам, бо 22 студзеня адбылося паседжаньне прафкаму ўніверсітэту, загад адразу падпісаны рэктарам і накіраваны ў ваенкамат.

Па інфармацыі Радыё Свабода, раней на прызыўной камісіі Зьміцер Жалезьнічэнка заявіў, што хоча служыць у вайсковай частцы, дзе загады аддаюць па-беларуску, а ўчора ён зьвярнуўся з заявай у Канстытуцыйны суд з прозьбай разгледзець на адпаведнасьць Канстытуцыі палажэньні Закону “Аб агульнай вайсковай павіннасьці і вайсковай службе”, згодна з якімі ў салдатаў тэрміновай службы няма права карыстацца па ўласным выбары нацыянальнай (беларускай) мовай.

У сьнежні Зьміцер Жалезьнічэнка праходзіў псіхіятрычную экспертызу за адмову запаўняць анкету прызыўніка на расейскай мове. Папярэдне лекарка-псіхіятр прызыўной камісіі паставіла яму дыягназ “рэакцыя апазіцыі”. 

Нагадаем, перасьлед актывіста доўжыцца амаль паўгады. Першы раз студэна-выдатніка адлічылі з 3 курсу матэматычнага факультэту Гомельскага ўніверсітэту імя Францішка Скарыны ў верасьні 2007 году нібыта за “сістэматычнае парушэньне Правілаў унутранага распарадку навучальнай установы”. Калі ва ўніверсітэце пачаліся акцыі ў падтрымку Зьмітра, 17 верасьня міліцыянты ўчынілі супраць моладзевага актывіста правакацыю: яго затрымалі нібыта па падозраньню ў згвалтаваньні, а пасьля склалі пратаколы за брыдкаслоўе і непадпарадкаваньні міліцыі, у выніку чаго суд на падставе міліцэйскіх пратаколаў пастанавіў арыштаваць Зьмітра на 8 сутак за дробнае хуліганства і ў дадатак аштрафаваў на 620 тысячаў рублёў за непадпарадкаваньні міліцыі. Праз суд адлічанаму студэнту-выдатніку ўсё-ткі ўдалося ўзнавіцца на вучобе 17 студзеня 2008 году, аднак не надоўга. 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства