Грамадзкія арганізацыі працягваюць абмяркоўваць пытаньні пра магчымасьці і шляхі ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства, у тым ліку прававыя аспекты выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў у Рэспубліцы Беларусь. Тэмай міжнароднай канферэнцыі, правядзеньне якой плануецца на пачатак сьнежня, стануць міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства.
5-6 сьнежня ў Мінску пройдзе міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства”, арганізатарам якой выступае ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”
у канферэнцыі прымуць удзел замежныя эксперты ў галіне выбарчага заканадаўства, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і палітычнывх партый Беларусі, а таксама СМІ. Запрашаюцца прыняць удзел у працы канферэнцыі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Цэньтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў, Нацыянальнага цэнтру законапраектнай дзейнасьці, а таксама іншых дзяржаўных органаў.
Пацьвердзіў свой удзел у канферэнцыі прадстаўнік Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Нагадаем, што гэтая міжнародная ўплывовая Асацыяцыя, сябрам якой зьяўляецца і Рэспубліка Беларусь, ажыцьцяўляла назіраньне на мінулагодніх прэзідэнцкіх выбарах і выпрацавала пэўныя рэкамендацыі адносна дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў Беларусі, якія, на жаль, так і ня былі ўлічаныя.
У пачатку плануецца пленарнае паседжаньне, на якім з дакладамі выступяць вядомыя беларускія і замежныя юрысты, прадстаўнікі грамадзкміх аб’яднаньняў і парый. Прапануецца выступіць дэпутатам Палаты прадлстаўнікоў, Цэнтральнай камісіі, калі яны прымуць запрашэньне. Затым плануецца праца групаў па накірунках: “Міжнародныя стандарты ў арганізацыі і правядзеньні працэдуры галасаваньня”, “Парадак фармаваньня выбарчых камісіяў – гарантыі незалежнасьці”, “Назіраньне за выбарамі – гарантыя адкрытасьці і галоснасьці выбараў” і “Роль СМІ у выбарчым працэсе”. Пасьля абмеркаваньня дакладў будуць выпрацаваныя агульныя рэкамендацыі і прынятая рэзалюцыя канферэнцыі.
Аб выніках працы канферэнцыі будзе шырока інфармаваная як грамадзкасьць Беларусі, так і ўсе дзяржаўныя органы, якія бяруць удзел у выбарчым працэсе.