viasna on patreon

"Я зычу Беларусі эфэктыўнага выбару", - Амбасадар Генрык Літвін

2007 2007-12-20T13:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

11 сьнежня бягучага году Надзвычайны й Паўнамоцны Амбасадар Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Генрык Літвін уручыў вярыцельныя граматы Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку.

Пасьля больш чым двухгадовага перапынку Амбасадар Польшчы зноўку пачаў працу ў Менску.

Пра польска-беларускія адносіны ў розных сфэрах і пэрспэктывы іх разьвіцьця ў інтэрвію Беларускай службе Польскага радыё распавядае Амбасадар Генрык Літвін. Зь кіраўніком пасольства РП у Беларусі гутарыць Валера Саўко.

В.Саўко: Спадар Амбасадар! Некалькі дзён таму Вы ўручылі Прэзыдэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку вярыцельныя граматы. Падчас сустрэчы ішла гаворка пра неабходнасьць паляпшэньня адносінаў. Скажыце, калі ласка, якія крокі будуць прадпрынятыя Вамі, як Амбасадарам, і амбасадай для інтэнсыфікацыі гэтых адносін?

Г.Літвін: Актыўнасьць амбасады мае значэньне, і нельга не заўважыць гэтай актыўнасьці. Калі ж казаць пра паляпшэньне двухбаковых адносінаў паміж двумя вялікімі суседнімі краінамі, дык вырашальнае значэньне маюць дзеяньні, рэалізаваныя ўрадамі гэтых краін. На дадзены момант я не магу гаварыць пра нешта канкрэтнае, таму што гэта залежыць ад прыняцьця польскім бокам пэўнага палітычнага рашэньня, ўзгадненьня зь беларускім бокам, і ад разьліку, у якой ступені пляны могуць быць рэалізаваны. На гэтым шляху можа быць многа бар’ераў, многа складаных сытуацый, таму што цягам апошніх гадоў польска-беларускія адносіны не былі простымі. У такой сытуацыі лепш паўстрымацца ад прагнозаў – пабачым на практыцы, якім чынам гэтыя пляны будуць выглядаць.

У экспазэ Прэм’ер-міністар Туск сказаў, што Польшча будзе весьці дыялёг як са структурамі грамадзянскай супольнасьці, гэтак і з уладамі. Зь беларускага боку была дэклярацыя Прэзыдэнта Лукашэнкі, пра якую вы ўзгадалі. Мой прыезд у Менск таксама зьяўляецца жэстам, які сьведчыць пра жаданьне ўсталяваць дыялёг. Якім чынам падзеі будуць разьвівацца ў будучыні – неўзабаве пабачым.

Як выглядаюць прыярытэты працы пасольства пад Вашым кіраўніцтвам на сёньняшні дзень?

На дадзены момант асабліва важным пытаньнем зьяўляецца ўсталяваньне як мага шырэйшых кантактаў. Амбасада павінна мець кантакты, у розных колах... Зразумела, ніколі не было перапынку ў працы дыппрадстаўніцтва, і мае калегі займаліся сваімі абавязкамі падчас адносна доўгай непрысутнасьці амбасадара. Але вось гэтая непрысутнасьць аказвае ўплыў на эфэктыўнасьць і ўзровень кантактаў, таму што паслу лягчэй трапіць у пэўныя колы ці структуры. Цяпер проста стараемся выкарыстаць факт прыезду амбасадара, каб у пэўных месцах аднавіць, а ў іншых – павысіць узровень кантактаў.

Адказам на гэтае пытаньне, здаецца, будуць зацікаўлены многія грамадзяне Беларусі, таму што шмат беларусаў езьдзіць у Польшчу. Пытаньне візаў...

Неўзабаве Польшча ўступіць у Шэнгенская пагадненьне. Ці такі крок не створыць беларусам праблемаў у кантактах з заходнім суседам? Акрамя гэтага, плянуецца ўвядзеньне нацыянальных візаў.

Кожная зьмена стварае пэўныя складанасьці. У будучыні пабачым, якім чынам уступленьне ў Шэнгенскую зону паўплывае на выезды грамадзянаў Беларусі ў Польшчу. Згодна з рознымі прагнозамі, уступленьне ў Шэнген не прывядзе да зьмяншэньня колькасьці перасячэньня мяжы. Варта зьвярнуць увагу на тое, што Шэнгенская віза дазваляе перамяшчацца па цэламу Эўрапейскаму Зьвязу. І таму грамадзяне, якія па той ці іншай прычыне атрымліваюць візы ў консульствах ці амбасадах іншых краін, без праблем могуць ехаць у Польшчу.

Незалежна ад гэтага будзе нацыянальная віза, якая ня будзе кароткатэрміновай візай. Кароткатэрміновымі будуць Шэнгенскія візы. Вядуцца таксама перамовы аб малым памежным руху. Так што павышэньне цаны ці абмежаваньні не зьяўляюцца адзіным эфэктам уступленьня ў зону Шэнген. Гэтыя зьмены прынясуць шмат іншых эфэктаў. І нельга выключыць, што празь нейкі час памежны рух можа павялічыцца.

Польска-беларускія палітычныя адносіны даволі халодныя, аднак эканамічныя кантакты разьвіваюцца пасьпяхова. Цягам сямі гадоў узаемны гандлёва-эканамічны рост павялічыўся амаль у чатыры разы.

Гандлёва-эканамічны абмен расьце з многімі краінамі, для прыкладу, з Расеяй ці Ўкраінай, і гэта нармальны стан рэчаў. Гэта зьвязана з актыўнасьцю малога й сярэдняга бізнэсу ў згаданых краінах, асабліва ў Польшчы.

Эканамічныя кантакты разьвіваюцца й зь Беларусьсю, і нават нястолькі насуперак палітычным кантактам, як пераадольваючы бар’еры, якія абмяжоўваюць згаданы рост. Паводле мяне, павелічэньне гадлёва-эканамічнага супрацоўніцтва магло б быць намнога большым.

А што гэта за бар’еры?

Гэта бар’еры, я б сказаў, адміністрацыйна-бюракратычнага характару ў Беларусі. Цэнтральнае кіраваньне эканомікай не спрыяе прадпрымальніцкай актыўнасьці, няма роўных умоваў канкурэнцыі, таму што, напрыклад, гаспадарчыя суб’екты з краін СНД ці іншых эканамічна-палітычных структур, свараемых у гэтым рэгіёне, знаходзяцца ў больш спрыяльнай сытуацыі для разьвіцьця сваёй актыўнасьці. Няма таксама адпаведных умоваў для разьвіцьця польскіх інвэстыцыяў, што прывяло б да яшчэ большага гандлёвага абмену. Гэта зьяўляецца прычынай таго, што супраца бізнэсу з абедзьвюх краін разьвіваецца, але не ў пажаданай ступені.

Я перакананы, што для разьвіцьця бізнэсу неабходна стварыць лепшыя ўмовы для прадпрымальнікаў. І тады рост тавараабароту паміж нашымі краінамі быў бы большы, таму што ёсьць зацікаўленасьць польскімі таварамі ў Беларусі й, наадварот, многія польскія фірмы зацікаўлены ў куплі беларускіх тавараў.

У Беларусі ўсё часьцей, прынамсі ў прэсе, гаворыцца пра магчымасьці прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Ці польскія фірмы былі б зацікаўлены прыватызацыяй у Беларусі?

Я ўпэўнены, што так, і з нашага пункту гледжаньня нават павінны. Усё, канешне, залежыць ад умоваў, у якіх будзе праходзіць прыватызацыя.

Нядаўна ў Менску прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная ўмовам прыватызацыі, з удзелам польскіх спэцыялістаў. Падчас сустрэчы гаварылася пра прыватызацыю празь біржу, былі прапанаваны паслугі Варшаўскай біржы. Гэта быў бы цікавы рух з боку Беларусі, але паглядзім, якія будуць рашэньні.

Спадар Амбасадар! Вы ўжо працавалі ў краінах Усходняй Эўропы... Паводле Вас, ці Беларусь – гэта цікавая краіна, і што тут можа зацікавіць паляка?

Ёсьць многа рэчаў, якія зацікавяць палякаў у Беларусі, напрыклад, турыстычныя мясьціны.

Для мяне найбольш цікавым зьяўляецца эфэкт, які цяжка апісаць. Гэта ўтрыманьне тоеснасьці, адметнасьці й спэцыфічнасьці беларусаў і Беларусі, якая замацоўваецца паводле іншых правілаў, у іншых умовах, чым у суседніх краінах. Гэтая сытуацыя мне прыгадвае крыху Сонечную сыстэму, дзе вядомыя плянэты круцяцца паводле падобных траекторый. А ёсьць яшчэ адна плянэта, якая круціцца вакол Сонца, але абсалюбна па іншай траекторыі. Магчыма, гэта крыху перабольшаны прыклад, але мне здаецца, што сытуацыя так выглядае.

Спадар Амбасадар! Якое ў Вас хобі, і ці ёсьць час для таго, каб ім займацца?

Так склалася, што мая першая прафэсія стала хобі, хоць гэта цяжка назваць хобі. Я зьяўляюся гісторыкам і стараюся ў гэтай галіне захаваць нейкую актыўнасьць.

Неўзабаве Каляды ды Новы год. Што б Вы пажадалі слухачам, грамадзянам Беларусі, якія слухаюць Польскае радыё на іх роднай мове?

Нядаўна мне задавалі гэтае пытаньне... Я стараюся не паўтарацца й сам сябе не цытаваць. Але ў гэтым выпадку было б нязручна мяняцца й жадаць нечага іншага.

Я зычу Беларусі эфэктыўнага выбару. Кожны выбірае самастойна свой шлях да дабрабыту й шчасьця. Канешне, ніхто не павінен падказваць беларусам, які выбар павінны зрабіць. Я зычу, каб іх выбар, які яны робяць альбо будуць рабіць, быў проста эфэктыўны.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства