Праваабаронцы патрабуюць спыніць катаванні ў турмах
Праваабаронца Раман Кісляк падаў у суд скаргу на ўмовы знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Берасця.
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца, адпаведны дакумент ён накіраваў 17 снежня ў суд Ленінскага раёна.
"Прадстаўнікі раённага аддзела міліцыі прызналі неналежнымі ўмовы ў ІЧУ, але не адрэагавалі на галоўны пункт майго звароту. Я прасіў іх прызнаць умовы майго ўтрымання ў ізалятары 13–15 кастрычніка 2007 года парушэннем артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паводле якога "ніхто не павінен падвяргацца катаванням або жорсткаму, нечалавечаму або зневажальнаму яго годнасць звароту або пакаранню", – заявіў праваабаронца.
Р.Кісляк адзначыў, што знаходжанне пры тэмпературы паветра ў камеры ад 10 да 14 градусаў цяпла без пасцельных прыналежнасцяў і мізэрнай колькасці вады для піцця "дасягае ўзроўню катавання".
Праваабаронца накіраваў скаргу ў адпаведныя інстанцыі пасля таго, як 13 кастрычніка быў затрыманы па абвінавачванні ў дробным хуліганстве і змешчаны ў ІЧУ, дзе прабыў два дні.
У адказе, які ён атрымаў 24 лістапада ад кіраўніцтва Ленінскага РАУС, паведамлялася, што па скарзе была праведзеная праверка, у выніку якой кіраўніцтву ІЧУ "зважанае на неабходнасць стварэння нармальных умоў для асоб, якія знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання".
"Маё затрыманне – адно з шматлікіх затрыманняў актывістаў аб'яднаных дэмакратычных сілаў, якія мы назіраем апошнім часам. І вельмі важна дамагчыся стварэння там чалавечых умоў", – адзначыў Р.Кісляк.
Дададзім, што 18 снежня з ізалятара часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця будзе вызваленая актывістка Анастасія Ілліна. 13 снежня яе прызналі ўдзельніцай несанкцыянаванага мерапрыемства і асудзілі на пяць сутак адміністрацыйнага арышту.