viasna on patreon

У кожнай мінскай установе павінна быць створана ячэйка БРСМ

2007 2007-12-18T16:22:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Адмовіцца можна, толькі калі працуе менш за 10 маладых людзей.
Еўрарадыё здабыла цікавы ліст, які рассылае БРСМ па мінскіх прадпрыемствах. У лісце напісана, што па даручэнні прэзідэнта і рашэнні Мінгарвыканкаму ў кожным сталічным прадпрыемстве мусіць быць створана ячэйка БРСМ. Тэрмін – да Новага года. Подпіс – в.а. першага сакратара Фрунзенскага РК ГА БРСМ Вольга Баяровіч. У лісце нават узор заявы для ўступлення і ведамасці па членскіх унёсках.

- Спачатку, у лістападзе, мне патэлефанавалі з Мінгарвыканкаму, - гаворыць Еўрарадыё юрыст аднага з прадпрыемстваў, якое атрымала такі ліст. – Нам прапанавалі сабраць у нас сход і паклікаць прадстаўніка з БРСМу, каб ён усё распавёў. Нам склікаць сход дастаткова цяжка, бо прадпрыемствы раскіданыя па горадзе. Людзі працуюць па зменах. Таму на гэтым справа спынілася. Дырэктар сказаў проста абвесціць раніцай пра БРСМ. Я гэта зрабіла.

Цяпер да арганізацыі прыходзяць афіцыйныя лісты ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Там напісана, што ячэйкі стварыць “плануецца”. Але плануецца гэта надзвычай настойліва. БРСМ настойвае на тым, каб ствараліся сходы, туды запрашалі сакратара. Пісьмова адказаць, якое рашэнне прынялі на прадпрыемстве, трэба праз пяць дзён пасля атрымання ліста.

“І да гэтага ліста ўсе дакументы дадаюцца: узор заявы для ўступлення, узор заявы для сакратара і нават ведамасць па зборы ўступных і перыядычных членскіх унёскаў”.

Еўрарадыё патэлефанавала ў РК ГА БРСМ Фрунзенскага раёна. Там пацвердзілі, што такія лісты дасылаюць, і патлумачылі, што адмовіцца ад ячэйкі можна, толькі калі ў арганізацыі працуе менш за дзесяць маладых людзей.

БРСМ: “Калі ў вас менш за 10 чалавек да 31 года, то пішаце ліст нам. А калі ў вас больш за 10, то вы мусіце стварыць “пярвічку”. Вы аддаяце гэтыя лісты вашаму намесніку па ідэалогіі, і ён стэлефаноўваецца з намі, і мы будзем гаварыць. Вы арганізуеце сход, прыйдзе наш першы сакратар. Людзі будуць распытваць, як і што, яна будзе адказваць”.

Калі Еўрарадыё паспрабавала даведацца ў БРСМ, ці былі ўжо такія сходы, мы пачулі, што гэта сакрэт.

БРСМ: “Я не магу вам гэтага сказаць. А навошта вам гэта? Гэта сакрэт. Гэтая інфармацыя будзе ў студзені на сайце Мінгарвыканкаму”.

Цікава, што калі ніхто з прадпрыемства не пажадае ўвайсці ў ячэйку, трэба даць БРСМу пісьмовы адказ.

“Мы далі адказ, што ў нас ячэйка БРСМ не створаная ў сувязі з тым, што ніхто не выказаў жадання стаць чальцом арганізацыі. Думаю, недзе чалавек 50-40 у нас маладых. І ніводзін не пайшоў”.

Што будзе з такімі арганізацыямі невядома. Пакуль пра санкцыі ў БРСМе не гавораць.

БРСМ: “Там далей я ўжо не ведаю, што будзе”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства