Адмовілі ў праве на пікет да Дня правоў чалавека
23 лістапада Віктар Мязяк, Віктар Сырыца, Карней Пятровіч і Сяргей Гоўша падалі ў Баранавіцкі гарвыканкам заяву на правядзенне 10 снежня пікета да чарговай гадавіны прыняцця ААН Усеагульнай Дэкларацыі аб правах чалавека. Мэтай мерапрыемства, па іх словах, павінна была стаць прапаганда каштоўнасцей прапісаных ва Ўсеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, а таксама прынятых у адпаведнасці з ёй міжнародных пактаў аб грамадскіх і палітычных правах. За пяць дзён да запланаванага пікета, жыхары Баранавіч атрымалі адмову мясцовых улад. Намеснік старшыні гарвыканкама Дзмітрый Касцюкевіч напісаў чатыром актывістам, што тыя не ўказалі ў заяве згодна Закону аб масавых мерапрыемтсвах у Рэспубліцы Беларусь: 1. Меры па забеспячэнні грамадскага парадку і бяспекі пры правядзенні масавага мерапрыемтсва. 2. Меры, звязаныя з медыцынскім абслугоўваннем і ўборкай тэрыторыі пасля правядзення мерапрыемтсва. 3. Не дадалі да заявы пісьмовыя абавязацельствы арганізатараў пікета па захоўванні грамадскага парадку. Але справа ў тым, што ў заяве, пададзенай у гарвыканкам, чатыры жыхары Баранавіч чорным па беламу напісалі: "Заяўляем, што абавязак па арганізацыі і правядзенні пікета, захоўванне грамадскага парадку падчас мерапрыемства бярэм на сябе. Таксама, як прадугледжана артыкулам 10 Закона аб масавых мерапрыемтсвах, у тэрмін не пазней за 10 дзён пасля правядзення пікета гарантуем аплату выдаткаў, прадугледжаных артыкулам і звязаных з правядзеннем масавага мерапрыемтсва". – Гарадскія ўлады ад нас проста адбрахаліся. На нейкі момант яны вырашылі зрабіцца сляпымі і парушыць закон. Можа ім набыць акуляры? Для гэтага мы пачалі афармляць неабходныя паперы для скаргі на Баранавіцкі гарвыканкам у камітэт ААН па правах чалавека ў Жэневе, – расказаў адзін з заяўнікаў пікета Сяргей Гоўша.