viasna on patreon

Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў лаурэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека за 2007 год.

2007 2007-12-11T13:51:57+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэтая ўзнагарода была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У намінацыі “За абарону правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў” узнагароджваецца старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў г.Менску Івонна Мацукевіч. У намінацыі «За абарону правоў чалавека і свабоды творчасці» прэмію атрымоўвае творчая суполка «Пагоня». У намінацыі «За асабістую мужнасць у абароне правоў чалавека» ўзнагароджваецца праваабаронца і жонка палітвязня Таццяна Клімава-Леановіч.

Івонна Мацукевіч

Івонна Мацукевіч – старшыня камітэта парафіі святога Язэпа ў г.Менску. Цягам апошніх двух гадоў беларусы сталі сведкамі духоўнага подзвігу. Кожны дзень пасля вячэрняга набажэнства, а ў нядзелю пасля ранішняга Івонна Мацукевіч прыходзіць да касцёла святога Язэпа. Яе малітвы скіраваныя на вяртанне Касцёла вернікам каталікам. Часам разам з ёй прыходзяць дзесяткі і сотні людзей, часцей некалькіх братоў і сясцёр. Бываюць дні, калі яна прыходзіць адна, але яе малітоўнае служэнне ў абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў і правоў вернікаў не спыняецца ні на адзін дзень.

Творчая суполка «Пагоня»

Заснаваная ў 1990 годзе з мэтай развіцця нацыянальнага мастацтва, узбагачэння і падтрымкі нацыянальных культурных традыцый у творчасці. У суполку ўваходзяць вядомыя мастакі і дзеячы мастацтва. Выставы, якія арганізоўвала «Пагоня», заўсёды былі творчай і грамадзянскай з'явай у мастацтве Беларусі. Сябры «Пагоні» цягам усіх гэтых гадоў застаюцца вернымі прынцыпам свабоды творчасці і свабоды самавыяўлення.

Таццяна Клімава-Леановіч

Таццяна Клімава – вядомая юрыстка, праваабаронца і жонка палітвязня Андрэя Клімава. Яна выходзіла замуж за паспяховага прадпрымальніка-мільянера, дэпутата парламента, а стала жонкай палітвязня. Дэпутат Вярхоўнай Рады 13 склікання Андрэй Клімаў за час праўлення Аляксандра Лукашэнкі тройчы быў прысуджаны да пазбаўлення свабоды. У першы раз фактычна за арганізацыю кампаніі імпічменту Лукашэнкі Андрэй Клімаў правёў у турме 4 гады, пасля за арганізацыю масавай акцыі ў Дзень Волі паўтара гады працаваў на так званай «хіміі» ў Гомельскай вобласці. Сёлета палітык асуджаны на два гады пазбаўлення свабоды ў калоніі строгага рэжыму за публікацыю артыкула ў Інтэрнэце. Усе гэтыя гады Таццяна дамагалася вызвалення мужа, абараняла яго ў судах і сама гадавала і выхоўвала дзяцей.

У розныя гады лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека станавіліся абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы Менска ў сакавіку 2006 года, палітвязні Аляксандр Казулін, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч, Мікола Аўтуховіч, актывістка Беларускага незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё», праваабаронца Валеры Шчукін, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, музычныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства