Лідэры БНФ склікаюць 12 сьнежня на акцыю ў абарону незалежнасьці
12 сьнежня а 18-й гадзіне ў сталіцы на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца акцыя ў абарону незалежнасьці Беларусі. Гэта было вырашана на зьезьдзе Партыі БНФ.
Ідэю сабрацца напярэдадні візыту Пуціна на прэвэнтыўную акцыю падаў Івашкевіч, падтрымалі Баршчэўскі і Міхалевіч.
Са словаў Міхалевіча, выходзіць на Плошчу мусова, бо сустрэча Пуціна з Лукашэнкам нясе пагрозы незалежнасьці, і голас грамадзтва мае прагучаць як засьцярога.
Міхалевіч ня стаў раскрываць падрабязнасьці плянаванага мерапрыемства, бо распрацоўваў акцыю ня ён. Тым часам Віктар Івашкевіч быў недаступны, бо затрыманы пасьля выступу гандляроў 10 сьнежня.
А як жа з папярэдняй акцыяй, якую сам Міхалевіч склікаў на 9 сьнежня? Ён прапаноўваў сабрацца са сьцягамі на плошчы Незалежнасьці ля галоўпаштамту, каб даслаць Пуціну тэлеграмы пратэсту. У выніку там а 15-й гадзіне сабралася да ста чалавек, але безь сьцягоў і без важака. Чаму не было самога Міхалевіча? Зьезд Партыі БНФ зацягнуўся, кажа ён, да таго ж на зьезьдзе пераважыла ідэя Івашкевіча наконт 12-га, таму сам Міхалевіч даслаў тэлеграму пратэсту пазьней.