viasna on patreon

У Мінску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя пратэсту прадпрымальнікаў

2007 2007-12-10T17:39:24+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Яшчэ за гадзіну да прызначанага часу пачатку акцыі (12.00) сілавыя структуры таксама пачалі рыхтавацца да мерапрыемства. Міліцэйскі трактар-эвакуатар расцягваў машыны, якія былі прыпаркаваны на вуліцы Энгельса, а ДАІшнік праз рупар абвяшчаo, што стаянка і паркоўка машын на гэтай вуліцы забараняецца.

Затое ўздоўж амаль усёй жа гэтай вуліцы сталі ў ланцуг знятыя з маршрутаў аўтобусы з занавешанымі вокнамі. Раз-пораз адтуль выглядвалі міліцыянеры.

Такая ж карцінка назіралася і за Палацам рэспублікі. Аўтобусы з міліцыяй, пяць “аўтазакаў”…

Без пятнаццаці дванадцаць на ўсю моц уключылі дынамікі, па якіх надрываліся айчынныя спевакі і народныя ансамблі. Такая, напэўна, была хітрая задумка, каб прадпрымальнікаў больш ніхто не чуў.

Зрэшты, напачатку падалося, што акцыя ўвогуле не адбудзецца. Арышты арганізатараў напэрэдадні мерапрыемства зрабілі сваю справу. У 12.00, напрыклад, на плошчы было толькі некалькі сот чалавек. З іх палова – журналісты і вельмі шмат “таптуноў” у цывільнай вопратцы.

Тым не менш, людзі падцягваліся, іх станавілася ўсё больш, хоць на працягу гадзіны ўлады і папярэджвалі праз свой “мацюгальнік”, што “збор несанкцыянаваны, магчыма прымяненне сілы і спецсродкаў”.

- Ці доўга міліцыя будзе цярпець мітынгуючых? – пытаю ў палкоўніка з рацыяй.

- Ды пакуль на замерзнуць.

Загаду на разгон акцыі і на самай справе, хутчэй за ўсё, не было. Роўна гадзіну людзі спакойна выступалі з прыступкаў Палаца рэспублікі, пасля чаго дружна пабудаваліся ў калону і накіраваліся перадаваць петыцыю да Дома ўраду.

Петыцыю перадавалі, акцыя, можна сказаць, прайшла ўдала. Праўда, каб яшчэ вынік быў...

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства