Затрыманыя лідэры прадпрымальнікаў
Сёньня ў Менску заплянаваны мітынг прадпрымальнікаў. Яны зьбіраюцца выказаць сваё стаўленьне да палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу.
11:20 Аляксандра Макаева даставілі ў пракуратуру, дзе прапанавалі падпісаць папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону. Спадар Макаеў падпісаць паперу адмовіўся, яго адпусьцілі. Але праз некаторы час зноў затрымалі і вязуць у міліцыю Маскоўскага раёна сталіцы.
11:10 Міліцыянты пакуль не адпускаюць Аляксандра Цацуру. Яны тлумачаць гэта тым, то быццам бы жонка Цацуры загадала ім даставіць мужа такім жа чынам, як яго і забралі ‑‑ на міліцэйскай машыне.
11:00 Міліцыянты прымушалі Аляксандра Цацуру напісаць распіску, што ён добраахвотна адмаўляецца вярнуцца ў Салігорск на міліцэйскай машыне, на якой быў дастаўлены ў Менск. Спадар Цацура напісаў, што вяртацца ў Салігорск адмаўляецца, бо гэта парушае ягоныя канстытуцыйныя правы.
10:50 Віцебск. Больш як 50 прадпрымальнікаў праводзяць акцыю ля будынку цэнтра занятасьці. Старшыня прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч паведаміла, што людзі патрабуюць ад мясцовых чыноўнікаў адказаць на пытаньне, якія пэрспэктывы працаўладкаваньня. «Калі будуць выкананыя патрабаваньні прэзыдэнцкага ўказу №760, то больш як адна тысяча індывідуальных прадпрымальнікаў у Віцебску апынуцца беспрацоўнымі, — заявіла І.Яскевіч.
Ніхто з чыноўнікаў пакуль не прыйшоў на сустрэчу з удзельнікамі акцыі.
10:50 У Менскую абласную пракуратуру даставілі Аляксандра Цацуру з Салігорску.
10:35 Да Менскай абласной пракуратуры пад’ехалі два супрацоўнікі Крымінальнага вышуку Маскоўскага РАУС горада Менска Ігар Дзячук і Дзьмітры Смут. Яны паведамілі, што ім загадана даставіць аднаго зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандра Макаева ў міліцыю Маскоўскага раёна.
10:30 Паўторна затрыманы Мікалай Пахабаў, які вёз мэгафоны для правядзеньня мітынгу. Яго даставілі ў Савецкае РАУС.
10:25 Бабруйск. У гэтыя хвіліны прадпрымальнікі зьбіраюцца ля будынку мясцовага цэнтра занятасьці насельніцтва, што на скрыжаваньні вуліцаў імя Гогаля і імя Ўрыцкага. «Нас тут ўжо каля 40 чалавек. Мы патрабуем ад улады гарантыяў свайго працаўладкаваньня, паколькі прэзыдэнцкі ўказ нумар 760 ліквідуе нашы працоўныя месцы на рынках гораду», — паведаміла прадпрымальніца Тацяна Лазарава.
10:00 Старшыня аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў паведаміў «Свабодзе», што міліцыя сёньня затрымала арганізатараў мітынгу прадпрымальнікаў — Аляксандара Таўстыку, Мікалая Пахабава. Паводле В.Гарбачова, затрыманыя дастаўляюцца пад канвоем у Менскую абласную пракуратуру, дзе з ь іх патрабуюць пісьмовыя тлумачэньні і абавязацельствы не ўдзельнічаць у акцыі пратэсту.
9:30 Адзін з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў Віктар Крываль у прымусовым парадку быў дастаўлены ў Менскую абласную пракуратуру. Яго забралі з дому, зь вёскі Хатляны а 7‑ай раніцы. У пракуратуры спадару Крывалю прапанавалі падпісацца пад папярэджаньнем аб недапушчальнасьці выходзіць на Кастрычнічкую плошчу, бо мітынг дазволены на плошчы Бангалор. Падпісаць папярэджаньне Віктар Крываль адмовіўся. Яго адпусьцілі.
9:15 У Салігорску з уласнай кватэры забралі аднаго зь лідэраў прадпрымальнікаў Аляксандра Цацуру. Паводле словаў самога спадара Цацуры, яго вязуць у Менскую абласную пракуратуру. Раней да прадпрымальніка прыходзілі супрацоўнікі салігорскай пракуратуры і папярэджвалі, каб ён ня ўдзельнічаў у мітынгу.
8:30 Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Маскоўскага раёну затрымалі аднаго зь лідэра прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева. На мінулым тыдні А.Макаева затрымалі супрацоўнікі Ленінскага РУУС. На яго склалі пратакол за тое, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся. А.Макаеву ўручылі позву ў міліцыю на 12 сьнежня.
Сёньня ў Менску апоўдні на Кастрычніцкай плошчы заплянаваны мітынг прадпрымальнікаў. Яны зьбіраюцца выказаць сваё стаўленьне да палітыкі ўладаў у дачыненьні да малога бізнэсу.