Кіраўнік офісу Эўракамісіі заклікае ўлады прыняць прапановы Еўразьвязу
За год, які прамінуў пасьля вылучэньня Эўразьвязам 12 умоваў для Беларусі, сытуацыя ў рэспубліцы не зьмянілася. Пра гэта заявіў пешы дарадца, каардынатар па сувязях з Рэспублікай Беларусяй прадстаўнітцва Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Жан-Эрык Хольцапфэль 7 сьнежня на брыфінгу для беларускіх журналістаў у Кіеве.
Згодна зь ім, самай важнай праблемай застаецца праблема вызваленьня ўсіх зьняволеных апазыцыйных палітыкаў. “Мы падкрэсьліваем, што нам неабходны значны рух наперад. Мы зрабілі выразную заяву, і праводзім перамовы зь беларускімі ўладамі", — сказаў Хольцапфэль.
Разам з тым, "самым вялікім прагрэсам" у адносінах ЭЗ і Беларусі ён назваў парафіраваньне праекта пагадненьня аб адкрыцьці ў Менску прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі.
Праект пагадненьня, нагадаем, быў парафіраваны ў Менску 5 сьнежня. Подпісы пад дакумэнтам паставілі намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі і кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Украіне і Беларусі Іен Боуг.
Жан-Эрык Хольцапфэль адзначыў, што прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Менску будзе валодаць усімі паўнамоцтвамі дыпляматычнай місіі і выконваць усе абавязальніцтвы, прадугледжаныя Венскай канвэнцыяй.
Як лічыць Хольцапфэль, беларускія улады "дэманструюць рост цікавасьці" да супрацоўніцтва з Эўракамісіяй у мытных і транспартных пытаньнях, сфэрах энэргетыкі і экалёгіі. Паводле яго, у бліжэйшых плянах Эўракамісіі – аказаньне беларускім уладам падтрымкі па рэалізацыі энэргетычнай стратэгіі. У прыватнасьці ЭК плянуе дапамагаць як у стварэньні самой стратэгіі, так і ў запуску праектаў па энэргазьберажэньні.
Жан-Эрык Хольцапфэль мяркуе, што дзейнасьць Эўракамісіі ў энэргетычным сэктары будзе садзейнічаць "дэмакратызацыі кіраваньня" у Беларусі ў цэлым.