Актывісту моладзі БНФ пагражаюць канфіскацыяй маёмасьці і забаронай выезду за мяжу
Сёньня адлічанага з унівэрсытэту імя Ф. Скарыны моладзевага актывіста Зьмітра Жалезнічэнку выклікалі ў суд Чыгуначнага раёну Гомеля. Судовы выканаўца Дзяніс Сапоненка запатрабаваў ад яго тлумачэньняў, чаму ён ня сплачвае штрафы.
Зьміцер патлумачыў, што ня мае грошай, каб сплаціць штрафы, паколькі не працуе, а імкнецца праз суды аднавіцца ва ўнівэрсытэце. Штрафы ж яму прысудзілі, як ён лічыць, паводле надуманых падставаў.
Пісьмовыя тлумачэньні на расейскай мове былы студэнт даваць адмовіўся — адпаведных блянкаў і законаў на беларускай мове ў судзе няма.
Судовы выканаўца адвёў Жалезьнічэнку да старшыні суду Тацьцяны Адрыбец. Тая зьдзівілася, што выканаўца ня можа патрапіць у кватэру, дзе жыве з бацькамі былы студэнт.
Старшыня раіла выканаўцу ўзяць міліцыю й службу па надзвычайных сытуацыях і гвалтам адчыніць дзьверы, каб апісаць маёмасьць.
Зьдзіўлены быў і Жалезьнічэнка, калі спадарыня Адрыбец абвясьціла яму: маўляў, ёсьць “афіцыйны пункт гледжаньня, што ён зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку ў ЗША альбо Нямеччыне”. Аднак спадзявацца на гэта ня варта, бо выезд за мяжу актывісту забароняць.
Студэнта-выдатніка 3 курсу матэматычнага факультэту Зьмітра Жалезьнічэнку выключылі з унівэрсытэту ў верасьні — пасьля таго, як туды прыйшла з падатковай інспэкцыі пастанова гаспадарчага суду на штраф за арганізацыю канцэрту беларускамоўных бардаў. Пастанова на той час яшчэ не набыла юрыдычнай моцы. Фармальная падстава адлічэньня актывіста з ВНУ — нібыта ён парушаў унівэрсытэцкія Правілы ўнутранага распарадку.
Пасьля гэтага Жалезьнічэнку арыштавалі на 8 сутак нібыта за лаянку і аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за непадпарадкаваньне міліцыі.
13 сьнежня ў абласным судзе будзе разглядацца апэляцыя былога студэнта на рашэньне суду Цэнтральнага раёну пра законнасьць яго адлічэньня з унівэрсытэту