Віталь Стажараў атрымаў дзесяць “базавых”
У судзе Савецкага раёну Менску разгледжана справа актывіста “Маладых дэмакратаў” Віталя Стажарава, якога затрымалі ўчора на Камароўскім рынку, дзе хлопец раздаваў лістоўкі пра мітынг прадпрымальнікаў 10 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, пад час разгляду адміністрацыйнай справы высьветлілася, што пратакол аб здзейсьненым правапарушэньні быў складзены ўчастковым інспектарам, які не прымаў непасрэднага удзелу у затрыманьні юнака. Тэкст улётак таксама не зьмяшчае канкрэтных заклікаў удзельнічаць у мітынгу, а ўсяго толькі інфармацыю, пра тое, што ў Менгарвыканкам пададзена заяўка на правядзеньне акцыі прапрымальнікаў. Суддзя Аксана Рэлява палічыла гэта чамусьці неістотным і пакарала актывіста штрафам у памеры 10 базавых велічыць.
Нагадаем, што Віталя Стажарава затрымалі ўчора ахоўнікі Камароўскага рынку па загадзе намесьніка дырэктара. Потым яго адвезьлі ў міліцыю Савецкага раёну. Ноч ён правёў у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна.