Вызначана дата суду па зыску сенатара Чаргінца
Учора ў судзе Першамайскага раёна Менска сустрэліся бакі па справе аб сыску сенатара Чаргінца да газеты "Новы час". Бакі да міравога пагадненьня не дайшлі. Па рашэнні суддзі працэс пачнецца 19 снежня ў 10.00.
Галоўны рэдактар газеты Аляксей Кароль у якасці прымірэньня прапанаваў сенатару выказаць свой пункт гледжання, датычны фактаў, прыведзеных у артыкуле Аляксандра Тамковіча, які будзе апублікаваны ў "Новым часе". Аднак гэтая прапанова было адхілена.
Нагадаем, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Чаргінец вінаваціць газету ў публікацыі звестак, якія ганяць яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю. Гэтыя звесткі, на яго погляд, змяшчаюцца ў артыкуле Аляксандра Тамковіча "Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец", апублікаванай у "Новым часе ".
Сенатар просіць суд абавязаць адказнікаў - прыватнае выдавецкае ўнітарнае прадпрыемства "Час навінаў" (выдаўца газеты) і аўтара артыкула - абвергнуць гэтыя звесткі і спагнаць за прычыненьне маральнай шкоды з прадпрыемства - 500 000 000 рублёў, з аўтара - 100 000 000 рублёў. Гэтак жа Чаргінец просіць суд "накласці арышт на абаротныя сродкі і маёмасць" як прадпрыемства "Час навінаў", так і аўтара артыкула.