Беларускія мытнікі ўсё часцей забіраюць «для вывучэння» кампутары журналістаў
Супрацоўнікі беларускіх мытных службаў усё часцей праўляюць інтарэс да кампутараў, якія возяць з сабою журналісты. У ноч з 1 на 2 снежня на станцыі Церахава на ўкраінска-беларускай мяжы мытнікі забралі «для вывучэня» ноўтбук журналіста Радыё «Рацыя» Аляксея Мінчонка, які вяртаўся з прэс-тура па ўкраінскай частцы Чарнобыльскай зоны.
Як паведаміла Радыё “Рацыя”, А. Мінчонак вяртаўся ў Беларусь на цягніку “Кіеў-Мінск” разам з іншымі журналістамі – удзельнікамі згаданага прэс-туру. Інтарэс у мытных службаў выклікаў толькі кампутар журналіста “Рацыі”. Мытнікі заявілі, што да іх “паступіла аператыўная інфармацыя”, на падставе якой яны па загаду вышэйшага кіраўніцтва забіраюць ноўтбук “для вывучэння”.
Па словах А. Мінчонка, “вывучэнне” можа доўжыцца 10 - 15 дзён: менавіта гэтыя тэрміны называлі мытнікі, калі афармлялі “Акт аб узяцці пробаў”.
Між тым, папярэдні досвед іншых прадстаўнікоў СМІ сведчыць, што тэрмін гэткай праверкі можа зацягнуцца на больш доўгі час. У сярэдзіне кастрычніка ў дваіх сцпрацоўнікаў беларускага інтэрнэт-рэсурсу generation.by Юрыя Сідуна і Вольгі Кузьміч, якія вярталіся з імпрэзы BlogCamp у Кіеве, беларускія мытнікі таксама забралі ноўтбукі. Кампутары знаходзіліся на праверцы ў аддзеле тэхнічных сродкаў мытнага кантролю гомельскай мытні да канца лістапада.