Сёньня пачнецца судовае разбіральніцтва над Аляксандрам Тамковічам
Сёньня у судзе Першамайскага раёну Менска ў 15 гадзін разьбіральніцтва паводле пазову кіраўніка афіцыйнага пісьменьніцкага саюзу Мікалая Чаргінца да журналіста Аляксандра Тамковіча і прыватнага прадпрыемства «Час навінаў».
Нагадаем, што нагодай для суду стаў артыкул А. Тамковіча «Генэрал‑сэнатар Мікалай Чаргінец» у недзяржаўнай газэце «Новы час», якую выдае прадпрыемства «Час навінаў».
На думку М. Чаргінца, надрукаваны ў верасьні артыкул нанёс шкоду ягонаму гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Гэтую шкоду ён ацаніў у 600 мільёнаў рублёў, якія праз суд зьбіраецца спагнаць з журналіста (100 мільёнаў) і выдавецтва (500 мільёнаў).
Аляксандар Тамковіч праз хваробу на судзе 5 сьнежня прысутнічаць ня будзе. «Я сабраў неабходныя даведкі і папрасіў адкласьці паседжаньне на некалькі дзён» — распавёў Аляксандр Тамковіч. Аднак суд не палічыў немач журналіста нагодай для пераносу разьбіральніцтва. Як вядома, А. Тамковіч ужо некалькі гадоў пакутуе на цяжкую хваробу, цяпер на яе наклаўся грып.
На судзе будзе прысутнічаць адвакат журналіста і шэф-рэдактар «Новага часу» Аляксей Кароль.