Інтэрнэт паспрабуюць «пракантраляваць»
Інтэрнэт паспрабуюць «пракантраляваць»
Законапраект «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» ў першым чытанні будзе разгледжаны 12 снежня на чарговым пасяджэнні «палаты прадстаўнікоў».
Гэты дакумент разглядаўся ў камісіях ніжняй палаты «парламента» з сакавіка гэтага года. У аўтарскай рэдакцыі законапраект першапачаткова ўхвалены не быў. Была маса заўваг БАЖа, Еўрапейскіх структур, а таксама міжнародных экспертаў. Дэпутаты пры дапрацоўцы законапраекта паабяцалі ўлічыць гэтыя заўвагі. У выніку дакумент быў цалкам перапрацаваны, у прыватнасці скарочаныя 14 артыкулаў.
«Законапраект сапраўды скарачаецца, ідзе працэс яго «шліфоўкі». Але сутнасць гэтага дакумента застаецца той самай – практычна незакранутымі застаюцца ўсе асноўныя раздзелы, прысвечаныя інфармацыі, працы з інфармацыяй і абароне інфармацыі», – адзначыў кіраўнік Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Міхаіл Пастухоў.
Ён лічыць частку дакумента, прысвечанаю абароне інфармацыі, найбольш небяспечным яго раздзелам. «Я думаю, што асноўная мэта гэтага законапраекта і была ў тым, каб прадугледзець шырокую сістэму мераў па «абароне» інфармацыі, а значыць – па абмежаванні яе свабоднага распаўсюджвання. Паводле дакумента, у адкрытым доступе павінна застацца толькі агульнадаступная інфармацыя. Уводзяцца ўсе новыя і новыя забароны на распаўсюджванне і выкарыстанне інфармацыі, і гэта выклікае занепакоенасць», – адзначае юрыст БАЖ.
Паводле яго слоў, пакуль рана казаць, што распрацоўшчыкі законапраекта пакінуць Інтэрнэт «у супакою». «Невыпадкова ўводзіцца абавязковая рэгістрацыя дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў. Пры гэтым значная частка гэтых рэсурсаў будзе, вядома ж, размяшчацца ў сетцы Інтэрнэт», – падкрэсліў Міхаіл Пастухоў.
Юрыст прызнае, што частка прапаноў, якая зыходзяць ад прадстаўнікоў БАЖ, сапраўды была ўлічаная распрацоўшчыкамі. Аднак самых істотных заўваг гэта не закранула.
«Наша прынцыповая пазіцыя застаецца ранейшай – у такім выглядзе законапраект абмяжоўвае канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне інфармацыі, і неабходна ад гэтага дакумента ўвогуле адмовіцца. Гэтую пазіцыю я некалькі разоў агучваў на пасяджэннях працоўнай групы па дапрацоўцы зместу закона, але яна не была прынятая», – адзначыў М.Пастухоў.