У Барысаве заведзена крымінальная справа на рэдактара мясцовага незалежнага выданьня “Барысаўскія навіны” Анатоля Букаса.
Распачала крымінальную справу барысаўская пракуратура. Як вынікае зь яе пастановы, рэдактар Анатоль Букас дапусьціў абразу і паклёп на рэдактара дзяржаўнай барысаўскай газэты.
“Я зьмясьціў артыкул “Зьвездануты пастрэл усюды пасьпеў, альбо маўчаньне ягнят”, у якім расказаў пра тое, што Пратасевіч Вера Мікалаеўна, якая ёсьць рэдактарам мясцовай афіцыйнай газэты, так бы мовіць, няроўна дыхае ў мой бок. За паўгоду яна надрукавала ў газэце “Адзінства” тры вялізныя артыкулы, дзе абразіла мяне. Называла пеўнем, студэнтам-недавукам і г. д.”, -- гаворыць спадар Букас у интэрв’ю «Радыё Свабода». Паводле спадара Букаса, ягоная публікацыя стала адказам на выказваньні рэдактара выданьня Барысаўскага гарвыканкаму.
Дарэчы, публікацыя, якая справакавала крымінальную справу, зьявілася ў “Барысаўскіх навінах” яшчэ ў сакавіку. Але чаму менавіта цяпер — праз восем месяцаў — журналісцкі канфлікт зацікавіў барысаўскую пракуратуру?
“Рэч у тым, што спадарыня Пратасевіч абразіла ня толькі мяне, але й яшчэ аднаго барысаўчаніна, Аляксандра Моніча. Яна сказала, што ён паводзіў сябе на выбарым участку, як “пячорны чалавек”. Спадар Аляксандар падышоў да мяне ў рэдакцыю і я сказаў, каб ён падрыхтаваў заяву ў пракуратуру. Магчыма, пра гэта даведалася Пратасевіч і, у сваю чаргу, напісала заяву супраць мяне”, -- зазначыў на гэты конт Анатоль Букас.