viasna on patreon

Журналісту «Газеты Слонімскай» супрацоўнік КДБ прапанаваў шчыльнае супрацоўніцтва

2007 2007-11-28T12:36:52+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

27 лістапада журналіста недзяржаўнага выдання “Газета Слонімская” Міколу Канановіча па тэлефоне выклікалі на размову “без пратаколу” ў Слонімскі аддзел КДБ. Нагодай для сустрэчы стаў артыкул М.Канановіча “Друскенікі — горад для адпачынку”, апублікаваны ў апошнім нумары “ГС”.

У артыкуле распавядалася пра літоўскі горад Друскінінкай, які нядаўна падчас семінару для журналістаў наведаў Мікола Канановіч.

У ходзе гутаркі з журналістам супрацоўнік КДБ, які прадставіўся Аляксандрам Іосіфавічам (прозвішча ён не назваў), цікавіўся: якую карысць атрымаў журналіст ад навучання, пра што ішла гутарка на семінары, а таксама запытаўся – якую суму грошай у якасці камандзіровачных атрымлівалі беларускія журналісты падчас семінару.

Напрыканцы размовы супрацоўнік КДБ выказаў пажаданне, каб супрацоўніцтва камітэта з “Газетай Слонімскай” было больш шчыльным. Па словах М.Канановіча, ён адказаў, што газета зацікаўленая атрымліваць інфармацыю пра гучныя справы, раскрытыя КДБ, але іншых шляхоў супрацоўніцтва не бачыць.

Пазней журналісты “ГС” не знайшлі ў службовым даведніку супрацоўніка мясцовага КДБ, якога б звалі Аляксандрам Іосіфавічам.
 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства