Пратэстантам падчас канферэнцыі адключылі электраэнэргію
Маладзёвая малітоўная канферэнцыя, што была запланавана на выходныя ў сталічнай царкве “Новае Жыццё”, праходзіла без святла.
На два дні ў Мінск з усёй краіны з’ехаліся прадстаўнікі маладзёвых служэнняў беларускіх евангельскіх цэркваў. Аднак сталічныя ўлады паспрабавалі перашкодзіць правядзенню мерапрыемства. У другі дзень канферэнцыі да будынку царквы прыехалі прадстаўнікі Энерганадзора і кіраўніцтва міліцыі Маскоўскага раёну сталіцы.
Чыноўнікі паспрабавалі пранікнуць у памяшканне царквы, але пасля таго, як кіраўніцтва царквы прыняло рашэнне не пускаць супрацоўнікаў у будынак, яны вырашылі адлучыць памяшканне ад размеркавальнага электрашчыта.
Вось што распавёў Рацыі адміністратар царквы “Новае Жыццё” Васіль Юрэвіч: “Пасля таго, як мы адмовілі ім у доступе да электрашчытоў, яны з дапамогай міліцыянтаў шукальнікамі электракабеляў знайшлі нашы крыніцы электразабеспячэння і адключылі іх”.
Трэба дадаць, што гэта ўжо не першы падобны канфлікт царквы з гарадскімі ўладамі. У сакавіку гэтага году падобнае адключэнне “Новага Жыцця” ад электразабеспячэння ўжо мела месца.
“Нягледзячы на ўсе гэтыя перашкоды і пастаянны прэсінг з боку Алы Рабіцавай, кіраўніцы аддзелу Мінгарвыканкаму па справах рэлігіяў, наша царква жыве і ніводнае з запланаваных мерапрыемстваў мы не адмяняем”, - кажа Юрэвіч.