За патрабаваньне Кнігі скаргаў у міліцыі – пад суд
У Цэнтральным судзе Менску пачаўся адміністрацыйны працэс над моладзевай актывісткай Тацянай Цішкевіч. Непрыемнасьці ў дзяўчыны пачаліся пасьля таго, як яна запатрабавала ў райадзьдзеле міліцыі кнігу заўваг і прапановаў. Пасьля гэтага яе затрымалі, а справу перадалі ў суд.
Працэс над Тацянай Цішкевіч, які сёньня пачаўся ў Цэнтральным судзе Менску, мусіць ня толькі высьветліць, ці вінавата дзяўчына ў непадпарадкаваньні міліцыі, але і адказаць на пытаньне, ці можа грамадзянін скарыстацца сваім правам скардзіцца на міліцыю?
7-га верасьня Тацяна Цішкевіч прыйшла ў Цэнтральны РАУС Менску, каб дачакацца вызваленьня затрыманых Дзяніса Гелахава і ягоных сяброў. Супрацоўнік міліцыі Мяцельскі, паводле яе словаў, выгнаў яе з памяшканьня. Дзяўчына абурылася і папрасіла кнігу прапаноў і заўваг. Пасьля гэтага, як казала Тацяна ў судзе, яе затрымалі “за непадпарадкаваньне”. У выніку пакараньнем дзяўчыне можа стаць вялікі штраф.
Дзяніс Гелахаў у судзе пацьвердзіў, што міліцыянты груба абыходзіліся з Тацянай Цішкевіч. Паводле яго, міліцыянты таксама зрабілі шэраг іншых парушэньняў.
“Не тлумачылі яе правы і прычыну затрыманьня . А таксама супрацоўнікі міліцыі не хацелі назваць ёй свае імёны. Яны ведалі, што яна зьбіраецца на іх паскардзіцца”.
Супрацоўнік Цэнтральнага РАУС Мікалай Ляхімовіч засьведчыў, што чуў, як Тацяна Цішкевіч спрачалася зь ягонымі калегамі, але за што менавіта яе затрымалі, яму невядома. Актывістка мяркуе, што гэта пацьвярджае яе невінаватасьць.
Паводле закону, у кожным райадзьдзеле міліцыі ёсьць кніга прапаноў і заўваг, якую супрацоўнікі мусяць даць наведніку пасьля ягонай просьбы. Але адначасова кожны міліцыянт мае права ў любы момант затрымаць грамадзяніна.
Паводле праваабаронцы Тацяны Тоўсьцік, апошнім часам абыходжаньне з затрыманымі актывістамі з боку міліцыі стала больш жорсткім, а іх скаргі ігнаруюцца.
“Раней кніга заўваг і прапаноў Цэнтральнага РАУС знаходзілася на бачным месцы, мы нават у ёй пакідалі запісы, але апошнім часам я яе ня бачу. Магчыма, яе недзе хаваюць”.
Судзьдзя Тацяна Паўлючук працягне слухаць справу Тацяны Цішкевіч 21-га верасьня.