Алесь Разанаў і Віктар Маркавец судзяцца з МТС
Паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркевіч настойваюць на тым, што апэратар мабільнай сувязі СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» выкарыстаў у якасьці брэнду кампаніі створаны імі супольна графічны вобраз — «яйкаквадрат». Паволе словаў сп. Маркаўца, у судзе яны будуць патрабаваць толькі прызнаньня факту выкарыстаньня іхняга сумеснага твору. 27 жніўня адбылася сустрэча бакоў. Мастак і паэт прадставілі свае доказы — тэлефільм, прысьвечаны прэзэнтацыі выставы «яйкаквадратаў», што дэманстраваўся ў 1992 г.
У 1998 г. у Лёндане быў прэзэнтаваны сайт, прысьвечаны сумеснай творчасьці А. Разанава і В. Маркаўца.
На першай сустрэчы прадстаўнік МТС адмовіўся ад міравой на той падставе, што недастаткова азнаёміўся з матэрыяламі справы. Наступная сустрэча прызначаная на 11 верасьня. «Сёньня мы зьвярнуліся ў суд з просьбай перанесьці на больш позьні тэрмін тую сустрэчу, бо Алесь Разанаў на ёй ня зможа прысутнічаць. Чакаем адказу», — паведаміў сп. Маркавец. Ён мяркуе, што першае судовае паседжаньне адбудзецца недзе ў сярэдзіне верасьня.
«Бяспрэчна, што наш з Разанавым «яйкаквадрат» — наватвор, такога яшчэ не было. Спалучэньне формаў і колераў, незвычайнасьць вобразу — спыняюць, зьдзіўляюць, прывабліваюць. Думаю, гэта й прыцягнула ўвагу кампаніі МТС, калі яна надумала абнавіць імідж» — кажа мастак.
Новы брэнд кампаніі МТС зьявіўся ў траўні 2006 г. Распрацавала яго брытанская брэндынгавая агенцыя Wolff Olins.