Сяржук Клюеў падае скаргу ў Пракуратуру
Актывіст Маладых Дэмакратаў Сяржук Клюеў падаў заяву ў пракуратуру на дзейнасць супрацоўнікаў міліцыі. Сяржук был арыштаваны 24 ліпеня напярэдадні святкавання Дня прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі і быў осуджаны на 10 сутак. Пад час арышту ён патрапіў у шпіталь. Менавіта ўмовы ўтрымання ў шпіталі і сталі нагодай, з якой Сяржук падаў заяву ў пракуратуру.
23 ліпеня ўвечары, напярэдадні святкавання 27 ліпеня, актывіст Маладых Дэмакратаў Сяржук Клюеў быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным нібіта для праверкі асобы, і быў дастаўлены ў Савецкі РАУС. Правёўшы ноч ў КПЗ, актывіст быў дастаўлены ў Савецкі ж суд. Суддзя Савасцян палічыла Сяржука вінаватым па арт. 23.34 КоАП і асудзіла на 10 сутак. Увечары хлопца адвезлі на Акрэсціна, дзе і пачалося самае цікавае.
26 ліпеня ўвечары Сяржук адчуў сябе дрэнна і папрасіў “хуткую дапамогу”. Падаспеўшая доктарка вырашыла неадкладна везці яго ў бальніцу. Але супрацоўнікі Акрэсціна вырашылі не адпускаць арыштанта без канвою.
Праз паўгадзіны афіцэры Савецкага РАУСа канваіравалі хлопца ў інфекцыйную бальніцу, дзе і вырашылі застацца з ім разам. Усё б нічога, каб не разумнік-лейтэнант, што вырашыў прыкуць Сяржука да ложку, каб самому было зручней чытаць прэсу. Тое ж паўтарылася і уначы—каб хлопец, крый Божа,не збег на маючы адбыцца мітынг 27 ліпеня. На пратэсты медсёстраў міліцыянты адказвалі як звычайна —інструкцыя… Канвой знялі толькі 27- га ўначы.
Вядома, што паводзіны канваіраў відавочна не упісваліся ў нормы законаў, і хлопец, параіўшыся з праваабаронцамі, вырашае падаць скаргу ў пракуратуру Савецкага раёну.
Паглядзім, чым гэта скончыцца, але, як падказвае вопыт, гісторыя не будзе кароткай.
…Цікава, што гэта далёка не першы прыклад сваеасаблівага падыхода міліцыі да стану здароўя арыштаваных. Нагадаем, што 28 ліпеня у Гродна яшчэ аднаму актывісту Маладых Дэмакратаў Аляксандру Шумкевічу спецназаўцы зламалі руку і толькі праз суткі аддалі хлопца медыкам. Вінаватыя дагэтуль не знойдзены.