viasna on patreon

Прадаецца помнік рэспубліканскага значэння!

2007 2007-08-10T14:34:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ён месціцца ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна і сёння ў гаротным стане. Гэта сведчанне таго, як дзяржава насамрэч ставіцца да гістарычнай спадчыны.

Ужо вырашана канчаткова: палацава-паркавы комплекс будзе выстаўлены на аукцыён. Намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Захарчук патлумачыў, што апошнія гады ён знаходзіцца на балансе аддзела культурры і практычна "жывымі" засталіся асобныя фрагменты пабудовы. Адзінае, што захавалася ў сваёй першапачатковай прыгажосці, – шыкоўны парк, які пераходзіць у стары хваёвы лес. Іншымі словамі, створанае калісьці чалавечымі рукамі без нагляду дзічэе. Дык гэта толькі парк, а сам палац – развальваецца на вачах.

Спадар Захарчук паведаміў, што для рэстаўрацыі комплексу ў Красках раённага бюджэта не хопіць, таму вырашана  выставіць яго на продаж, хоць ён і адзіны ў раёне помнік рэспубліканскага значэння. Значыць, трэба шукаць пакупнікоў спадчыны, якой бы каштоўнай для нацыі яна ні была.

Гэта не першы падобны вопыт выйсця са становішча: спачатку давесці да разбурэння, а потым прадаць нейкаму  пакупніку. Такі ж сцэнар дубліруюць у Гародні: высяляюць, развальваюць, а потым руйнуюць.

Дарэчы, самі жыхары райцэнтра мяркуюць, што набудуць яго расейцы, якія раптам пабагацелі ад нафтавых крыніц, а ў сваіх беларусаў на гэта няма грошай. Першапачатковы кошт помніка – 450 мільёнаў рублёў.

Пакуль у Ваўкавыску чакаюць канчатковага прысуда Міністэрства культуры, прапрацоўваецца ўся прававая база продажу. Трапіўшы ў прыватныя рукі, палац страціць сваю каштоўнасць як гістарычны помнік, бо гаспадар пачне яго перабудоўваць на свой густ. Ды і патрапіць туды нікому не ўдасца, хоць гэта помнік выключнай каштоўнасці. Ну а мясцовае чыноўніцтва скіне чарговы галаўны боль, які яны самі суняць не могуць.

Наша даведка:

Гэта палац Х1Х стагоддзя роду Сегеняў – адзін з найлепшых узораў неагатычнага стылю. Найбольш старая яго частка была ўзведзена ў 1839 годзе, а прысядзібны парк захаваў нямала старадаўніх дрэваў на шасьці гектарах. Гэта і воцатнае дрэва, хвоя вэймутава, ламанос, лістоўніцы…

У той самы час:

У Гародні зруйнаваны правы флігель палаца каралеўскага адміністратара, пабудаванага  ў 1770-80 гады – частка былога прадмесця, створанага Антоніем Тызенгаўзам. Зруйнаваны цынічна, нібыта на злосць гарадзенцам, таму што да гэтага ўлады запэўнівалі гісторыкаў, грамадскасць, што разбурэння не будзе. Знішчылі…

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства