Менскі гарадзкі суд пад старшынствам Міхаіла Басава цалкам задаволіў прыватную скаргу былога студэнта Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Юрыя Алейніка
Студэнт-выдатнік быў адлічаны з 4-га курсу Акадэміі 15 траўня 2007 году нібыта за прагулы. Аднак Юрый Алейнік лічыць, што сапраўдная прычына адлічэньня – ягоная грамадзянская пазыцыя і палітычныя погляды. У красавіку 2007 году Юры Алейнік удзельнічаў у зборы подпісаў пад заротам да дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў” за захаваньне сацыяльных ільготаў студэнтам. Таксама ён зьяўляецца старшынём Менскай абласной арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны».
5 ліпеня 2007 году суд Кастрычніцкага раёну Менску спыніў вытворчасьць у пазове Юрыя Алейніка да Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Суд палічыў гэтую справу непадведамаснай яму. 6 жніўня паседжаньне Менгарсуду па справе Юрыя Алейніка доўжылася ўсяго 15 хвілін. У адпаведнасьці з рашэньнем, справа адлічанага студэнта вяртаецца зноў на разгляд у суд Кастрычніцкага раёну Менску.
Сябры, якія прыйшлі падтрымаць Юры Алейніка, цьвердзяць, што іншага рашэньня й не чакалі. Меркаваньне Андрэя Сушко: "Гэты працэс – знакавы. Судзьдзі не маглі вынесьці рашэньне супраць Алейніка. Усё ж відочна. Нават судзьдзі ў гэтай краіне бачаць, што нельга чалавека пазбаўляць асноўных правоў".
На судзе прысутнічаў Стывэн Гілен – другі сакратар Амбасады ЗША ў Беларусі: “Нас цікавіць справа Юрыя Алейніка. Мы падтрымліваем дэмакратычна-сацыяльную актыўнасьць, якую выяўляюць людзі ў Беларусі”.