viasna on patreon

Леанід Судаленка супраць “Гомельскай праўды”

2007 2007-08-07T13:38:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці па Гомельскай вобласьці, сябра АГП Леанід Судаленка ў заяве на адрас афіцыйнай газэты “Гомельская праўда” патрабуе абвергнуць распаўсюджаныя несапраўдныя зьвесткі.

У апублікаваным у газэце 2 жніўня артыкуле “Своих детей – за границу, чужих – “в борцы за демократию” аўтар С. Грушэнка, пералічваючы дзяцей гомельскіх апазыцыянэраў, якія паехалі вучыцца альбо працаваць за мяжу, сьцьвярджае: “После окончания средней школы уехал на учебу в Польшу сын юриста общественной организации ОГП Леонида Судаленко, …никогда не принимавший участия в деятельности оппозиции, но попавший на бесплатное обучение по программе для оппозиционных активистов”.

Леанід Судаленка распавёў, што яго сын сапраўды атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Польшчы, але накіраваны ён туды не паводле праграмы для апазыцыйных актывістаў, як сьцьвярджае аўтар “Гомельскай праўды”, а па міжнароднай праграме “Дзеці рэпрэсаваных бацькоў”. У сакавіку 2006 года падчас удзелу ў кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў камандзе Аляксандра Мілінкевіча Гомельскае ўпраўленьне ААТ “Белтрансгаз” нематывавана адмовілася працягнуць працоўны кантракт зь юрысконсультам Судаленкам, і ён доўгі час заставаўся беспрацоўным.

Аўтар публікацыі ў “Гомельскай праўдзе” называе сяброў закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” “взрослыми дядями”, якія “остро нуждаются в молодых кадрах, “пушечном мясе” – готовом без раздумий участвовать в антиобщественных мероприятиях, подставляя под удар свое будущее”.

Як заяўляе Леанід Судаленка, ні ён, ні хто-небудзь іншы зь сяброў грамадзкага аб’яднаньня “ніколі ня ставіў за мэту і не заклікаў моладзь, якую аўтар артыкулу называе “пушечным мясом”, удзельнічаць у антыграмадзкіх мерапрыемствах і тым больш ставіць пад удар іхнюю будучыню”.

Прэтэнзіі да закрытага ўладамі грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” ў парушэньні заканадаўства разгледжаны Камітэтам правоў чалавека ААН. Гэтая структура прызнала, што Рэспубліка Беларусь пры ліквідацыі “Грамадзянскіх ініцыятываў” дапусьціла парушэньне сваіх міжнародных абавязаньняў і тым самым беспадстаўна абмежавала правы сваіх грамадзянаў на свабоду аб’яднаньня. Цяпер Рэспубліка Беларусь абавязана ня толькі аднавіць дзейнасьць “Грамадзянскіх ініцыятываў”, але й сплаціць ягоным сябрам справядлівыя кампэнсацыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства