Лукашэнка за ўмацаваньне кантролю за электроннымі мэдыямі
Лукашэнка сёньня ў часе наведваньня рэдакцыі газэты "Советская Белоруссия"
у прыватнасьці сказаў, што распаўсюджаныя “жоўтай прэсай” чуткі аб кадравых перастаноўках зьяўляюцца звычайным прэсінгам: "Жоўтая прэса” перажывае, хто там наступны, каго здымуць, пачалі мусоліць фігуру прэм'ер-міністра. Гэта звычайны прэсінг. Яго можна было б у нейкай ступені пазьбегнуць, калі б мы абнародавалі поўную інфармацыю аб тым, што сапраўды адбываецца вакол тых або іншых людзей і падзей".
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся за ўмацаваньне кантролю за электроннымі мэдыямі: "Трэба прымаць закон і прапісаць у ім статус электронных СМІ. Першапраходцамі мы тут не будзем, такая практыка ёсьць у многіх дзяржавах. Анархію ў Інтэрнэце пара спыняць. Не трэба дапускаць, каб гэта вялікае тэхнічнае дасягненьне чалавецтва ператваралася ў інфармацыйную памыйніцу".
Нагадаем, што адпаведны закон абмяркоўваецца ў Палаце прадстаўнікоў.