У Менску пасьля ператрусу затрыманыя моладзевыя актывісты, лёс Зьміцера Лісіенкі невядомы
Мінулай ноччу людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыі па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, уварваліся ў кватэру на вуліцы Палявой, 26, якую здымае Крысьціна Шацікава ў Менску. Пры гэтым было заяўлена, што ўсіх прысутнічаючых падазраюць у незаконным знаходжаньні ў чужым памяшканьні і крадзяжы маёмасьці. Гэта міліцыянты і запісалі ў рапарце.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, у кватэры знаходзіліся актывіст апазыцыі Зьміцер Лісіенка і ягоныя сябры. Быў праведзены ператрус, пад час якога былі знойдзены ўлёткі і расьцяжка "Свабоду Казуліну!". Таксама былі канфіскаваны кампутар, дыскі і паперы гаспадара кватэры. Затым, прыкладна каля 2 гадзінаў ночы, кватэру апячаталі.
Гэта паслужыла падставай дзя затрыманьня актывістаў. Прычым на Зьміцера Лісіенку адразу ж начапілі кайданкі. Яны былі дастаўленыя ў Цэнтральны РУУС Менска. Пад раніцу быў праведзены допыт, прычым без прысутнасьці адваката, на ўдзеле якога настойвалі затрыманыя. А 10 гадзіне міліцыянты склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, у якіх затрыманыя абвінавачваюцца чамусьці ў нецэнзурнай лаянцы. На гэты момант вядома, што Яна Карповіч і яшчэ двое актывістаў Сяржук Павазкоў і Артур Дасанаў знаходзяцца ў Ленінскім РУУСе, а Зьміцера Лісіенку хутчэй за ўсё павезлі на допыт супрацоўнікі КДБ.
Трэба чакаць, што сёньня павінен адбыцца суд над затрыманымі моладзевымі актывістамі.