Рашэньнем МЗС Беларусі закрыты карпункт і пазбаўленыя акрэдытацыі журналісты РТР
30 ліпеня рашэньнем МЗС Беларусі быў закрыты карпункт і пазбаўленыя акрэдытацыі ўсе журналісты РТР, якія працуюць у Беларусі.
Гэтае рашэньне выклікала рэзкую рэакцыю ў самой тэлекампаніі й ва Ўрадзе Расеі. Расейскае кіраўніцтва выказала непаразуменьне датычна дзеяньняў беларускіх уладаў. Канфлікт спароджаны падзеямі вакол сюжэту РТР пра акцыю беларускай апазыцыі 21 ліпеня ў Менску, у дзесятую гадавіну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў А. Лукашэнкі.
30 ліпеня МЗС Расеі выклікала часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусь у Расеі Валер’я Садоху й зрабіла яму прадстаўленьне – у зьвязку з апошнімі рашэньнямі беларускага боку адносна карпункту РТР у Менску. Расейскі бок заявіў, што “гэтая акцыя ніяк ня ўпісваецца ў саюзьніцкі характар адносін “паміж Беларусьсю й Расеяй” й “накіравана на зацісканьне свабоды слова”.
“Расейскі бок настойвае на хутчэйшым аднаўленьні дзейнасьці прадстаўніцтва ВГТРК у Беларусі”, – падкрэсьлена ў заяве МЗС Расеі. З аналягічнай заявай выступіў і прадстаўнік Ураду Расеі Дзяніс Малчанаў. Ён заклікаў беларускія ўлады спыніць перашкоды дзейнасьці расейскіх журналістаў.
Сама тэлекампанія РТР ня хоча й чуць пра нейкія патрабаваньні афіцыйнага Менску наконт прабачэньняў за сюжэт з акцыі апазыцыі 21 ліпеня.
Тэлекампанія таксама выступіла з надзвычай жорсткай заявай. Дзеяньні МЗС Беларусі расцэнены як “чарговая праява хваравітай падазронасьці беларускіх уладаў у адносінах да расейскіх СМІ”, што падыходзіць пад “агульную лёгіку дзеяньняў уладаў Беларусі, накіраваную на скарачэньне вяшчаньня расейскіх тэле- й радыёканалаў на сваёй тэрыторыі”. Беларускія ўлады прыгаломшаныя такімі адназначна жорсткімі заявамі з Масквы і пакуль ніяк на іх не адказваюць.
“Нягледзячы на немагчымасьць працы карпункту й канфлікт зь беларускімі ўладамі, РТР не зьбіраецца зьмяншаць увагу да падзеяў у Беларусі й мае намер шукаць альтэрнатыўныя шляхі атрыманьня інфармацыі, у тым ліку відэаздымкаў”, паведаміла Радыё Свабода дарадца генэральнага дырэктара кампаніі Вікторыя Аруцюнава. Хаця якім чынам гэта будзе рабіцца, незразумела.
Што да трох беларускіх журналістаў РТР, пазбаўленых акрэдытацыі МЗС, то фармальна яны сапраўды адпачываюць. Менскі офіс карпункту арандаваны ў заводу “Гарызонт” на год. Таму пра “высяленьне” карэспандэнтаў размова пакуль не вядзецца.
Нагадаю: МЗС Беларусі палічыў “дзейнасьць карпункту РТР у Менску неправамоцнай, бо ён парушае Закон аб друку”. Пры гэтым, у прэсавай службе МЗС заявілі: рашэньне прынята з прычыны выпуску ў эфір рэпартажу журналіста РТР Дзьмітрыя Пятрова з акцыі апазыцыі 21 ліпеня ў Менску – беларускія ўлады лічаць, што Пятроў завысіў колькасьць удзельнікаў акцыі.
Кіраўнік закрытага карпункту Андрэй Качура досыць зьдзіўлены рашэньнем МЗС, бо ні ён, ні ўвесь карпункт ня мелі дачыненьня да рэпартажу Дзьмітрыя Пятрова, які прыяжджаў з Масквы ў Менск на два дні.
(Качура: ) “Калі ўважліва паглядзець на тое, што яны нам уручылі, то бачна: фармулёўка на конт парушэньня карпунктам заканадаўства, выглядае даволі дзіўна. Усе супрацоўнікі карпункту – грамадзяне Рэспублікі Беларусь, і ў выпадку парушэньня заканадаўства павінны несьці адказнасьць. Мы ж нічога не парушалі, але адказнасьць трымаем”.
З фармальнага гледзішча, карпункт РТР нельга лічыць канчаткова закрытым, бо для гэтага патрэбна адмысловая працэдура й рашэньне не МЗС, а Савету Міністраў.
Радыё Свабода