Дэпутаты польскага Сейму пратэстуюць супраць парушэньня палітычных правоў грамадзянаў Беларусі
Радыё Свабода
29 ліпеня апоўдні каля беларускай амбасады ў Варшаве прайшла акцыя пратэсту супраць парушэньня палітычных правоў грамадзянаў Беларусі, у якой, сярод іншых, узялі ўдзел каля 50 дэпутатаў і віцэ-сьпікер польскага Сэйму ад партыі “Грамадзянская плятформа”, якая арганізавала акцыю.
(Туск: ) “Мы атрымалі інфармацыю ад нашых партнэраў зь Беларусі пра тое, што беларускія улады хочуць спыніць дзейнасьць шэрагу апазыцыйных партыяў. У адмысловым лісьце Беларускага народнага фронту беларускія апазыцыянэры зьвяртаюцца з заклікам да нашай партыі і ўсіх палякаў не пакінуць беларусаў, якія цяпер змагаюцца супраць рэжыму, у цяжкі для іх час. Мы зробім усё, каб палякі згодна выступілі ў абарону грамадзянскіх правоў ў Беларусі і будзем дапамагаць беларускай апазыцыі ўсімі магчымымі сродкамі”,– заявіў у часе прамовы перад прысутнымі віцэ-сьпікер Сэйму, лідэр партыі “Грамадзянская плятформа” Дональд Туск.
Каля новага будынку беларускай амбасады ў Варшаве сабраліся каля 50 дэпутатаў парлямэнту ад гэтай партыі, і яшчэ прыкладна столькі ж сябраў моладзевай арганізацыі “Грамадзянскай плятформы” – “Маладыя дэмакраты”, а таксама сябры “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі”. Прысутныя трымалі плякаты “Лукашэнку пад суд!”, “Стоп Лукашэнка!”.
Віце-сьпікер Сэйму заявіў таксама, што ў бліжэйшы час дэпутаты ад “Грамадзянскай плятформы” ў Эўрапейскім парлямэнце пачнуць шырокамаштабную кампанію, мэта якой – прыцягнуць увагу Эўразьвязу да сытуацыі ў Беларусі.
У сваю чаргу лідэр парлямэнцкай фракцыі “Грамадзянскай плятформы” Ян Ракіта, адказваючы на пытаньне пра магчымую дапамогу студэнтам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, сказаў: “Студэнтам, якіх, выключаць зь беларускіх ВНУ, і якія схочуць вучыцца ў Польшчы, мы дапаможам гэта зрабіць. Гэта сапраўды ў нашых сілах”, – заявіў Ян Ракіта.
Варта адзначыць, што лібэральная партыя “Грамадзянская плятформа” ёсьць цяпер найбольш папулярнай палітычнай сілай у Польшчы.