viasna on patreon

Чацвёра шатландскіх парламентарыяў сталі "хроснымі" палітвязняў у Беларусі

2024 2024-10-25T11:44:20+0300 2024-10-25T11:44:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gibson-haughey-sweeney-maguire.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі #WeStandBYyou Кенет Гібсан (Шатландская нацыянальная партыя), Клэр Хоўі (Шатландская нацыянальная партыя), Пол Суіні (Шатландскія лейбарысты) і Рут Магуайр (Шатландская нацыянальная партыя) сталі "хроснымі" Арцёма Касакоўскага, Жанны Волкавай, Ганны Карняенкі ды Ксеніі Ходыравай.

Kenneth-Gibson-632x843.jpg

Арцём Касакоўскі, які раней працаваў оптыкам, знаходзіцца за кратамі з 27 верасня 2020 года паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. Таксама ён маляваў на аўтобусных прыпынках гістарычны беларускі сцяг, сімвал свабоды і дэмакратыі. Яму былі прад'яўленыя абвінавачванні ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" (артыкул 293), "парушэнні грамадскага парадку" (артыкул 342) і "апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці" (артыкул 341). Суд прызнаў Арцёма вінаватым паводле ўсіх пунктаў абвінавачвання і прысудзіў яму агулам 6,5 гадоў пазбаўлення волі.

Кенет Гібсан — дэпутат ад Шатландскай нацыянальнай партыі. Ён бярэ на сябе абавязкі "хроснага" Арцёма Касакоўскага і тлумачыць сваё рашэнне:

"Як сябра парламента Шатландыі, дзе дэбаты паміж супрацьлеглымі партыямі часта могуць быць жорсткімі, я лічу, што мы заўсёды мусім памятаць пра адважных людзей з усяго свету, што змагаюцца за фундаментальныя грамадзянскія свабоды, такія як права на свабоду выказвання меркаванняў, асацыяцый і мірных сходаў, якое мы часам успрымаем як належнае. Адзін з іх — Арцём Касакоўскі. Яго тэрмін зняволення быў падоўжаны на 18 месяцаў праз тое, што ён маляваў на аўтобусных прыпынках бел-чырвона-белы сцяг Беларусі — гістарычны сцяг, які выкарыстоўваўся беларускай дэмакратычнай рэспублікай у 1918 годзе да польскай і бальшавіцкай акупацыі. Арцёму, яго сям'і і сябрам я хачу выказаць сваё захапленне яго адвагай і падтрымаць іх, ды іхную барацьбу за правы чалавека ў Беларусі ў гэты цяжкі час".

Clare-Haughey-632x842.jpg
Клэр Хоўі

Жанна Волкава была арыштаваная 11 траўня 2023 года ў школе, дзе вучацца яе дзеці, і змешчаная ў СІЗА за свае каментары ў інтэрнэце. Пасля Жанне былі прад'яўленыя абвінавачванні ў "парушэнні грамадскага парадку" (артыкул 342), "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 361-4) і "абразе Лукашэнкі" (артыкул 368). Яна была асуджаная да трох гадоў пазбаўлення волі.

Клэр Хоўі (Шатландская нацыянальная партыя) салідарная з Жаннай Волкавай і ў сувязі са сваім рашэннем стаць яе "хроснай" заяўляе:

"Я рада, што магу выказаць сваю падтрымку Жанне Волкавай, якая цяпер адбывае ў беларускай турме свой трохгадовы тэрмін. Мае думкі з ёй і яе сям'ёй. Цяжка ўявіць, як нічым не характэрны дзень, калі яна зайшла ў школу свайго дзіцяці, ператварыўся ў пачатак такога кашмару. Яе турэмнае зняволенне — гэта жахлівае парушэнне правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкі, і я заклікаю вызваліць яе. Дзеля Жанны і яе дзяцей, а таксама дзеля ўсіх зняволеных ды іх сем'яў, якія пацярпелі ад несправядлівых і бесчалавечных прысудаў, усе яны мусяць быць вызваленыя безумоўна і неадкладна".

Paul-Sweeney-632x842.jpg
Пол Суіні

Ганна Карняенка працавала бухгалтаркай, аднак была незаконна звольненая за ўдзел у страйку падчас пратэстаў 2020 года. Яна была арыштаваная 15 студзеня 2023 года і абвінавачаная ў "незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак" (артыкул 203-1) і "распальванні варожасці" (артыкул 130). Суддзя прызначыла Ганне пяць гадоў пазбаўлення волі.

Пол Суіні — намеснік прадстаўніка Лейбарысцкай партыі Шатландыі. Як "хросны" Ганны Карняенкі, ён зрабіў наступную заяву ў яе падтрымку:

"Я падтрымліваю беларускую палітзняволеную Ганну Карняенку і заклікаю да яе безумоўнага вызвалення. З часоў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі рэжым Лукашэнкі жорстка душыць любую свабоду выказвання меркаванняў, што задакументавана і асуджана многімі міжнароднымі арганізацыямі і дэмакратычнымі ўрадамі. Ганна была асуджаная да пяці гадоў пазбаўлення волі выключна за свае палітычныя дзеянні, паколькі яна змагалася за права беларускага народа самастойна выбіраць свайго лідара. Гэты прысуд несправядлівы, і я заклікаю вызваліць Ганну разам з усімі іншымі палітычнымі зняволенымі ў Беларусі".

Ruth-Maguire-632x843.jpg

Ксенія Ходырава атрымала ўзнагароду як лепшая выпускніца БДУ ў 2018 годзе, яна захапляецца футболам і танцамі. Яна была арыштаваная 10 кастрычніка 2023 года за ахвяраванні Украіне пасля расейскага ўварвання. Ксенію асудзілі да пяці гадоў калоніі за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці"(артыкул 361-2) і "ўдзел або падрыхтоўку ваенных дзеянняў на тэрыторыі замежнай дзяржавы" (артыкул 361-3).

Рут Магуайр (Шатландская нацыянальная партыя) бярэ на сябе абавязкі "хроснай" Ксеніі Ходыравай і заяўляе:

"Сітуацыя ў Беларусі — гэта сур'ёзнае папярэджанне для ўсёй Еўропы. Захоп улады рэжымам Лукашэнкі ў 2020 годзе і наступнае падаўленне іншадумства паказваюць, наколькі важныя дэмакратычныя працэсы, наколькі неабходна абараняць правы чалавека, дзе б яны ні знаходзіліся пад пагрозай. Аўтарытарызм насоўваецца на ўскраіны Еўропы, і неабходнасць у міжнароднай салідарнасці ў абароне свабоды і справядлівасці надзённая як ніколі. Супраціў беларускага народа і адвага такіх людзей, як Ксенія, сведчаць пра сілу іх характару. Смеласць Ксеніі, якая падтрымала палітычнае супрацьстаянне, нягледзячы на пяцігадовы турэмны тэрмін, усяляе надзею ў народ Беларусі, і яе нельга недаацэньваць. Гэтыя простыя праявы адвагі беларусаў і беларусак даюць надзею ўсім нам на тое, што задушлівую атмасферу палітычных рэпрэсій у Беларусі можна пераадолець. Распавядаючы пра сітуацыю Ксеніі і пра тое, з чым кожны дзень сутыкаюцца ў Беларусі іншыя людзі, я хачу, каб падтрымка яе і такіх, як яна, расла, а мы множылі гэтую надзею і сілу".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства