Трывожная сітуацыя з пераследам праваабаронцаў застаецца ў многіх постсавецкіх краінах
Сітуацыя з правамі чалавека і пераследам праваабаронцаў ў многіх краінах свету і на постсавецкай прасторы працягвае заставацца трывожнай. Асабліва гэта заўважна ў Расіі, Азербайджане, Грузіі. "Вясна" прапануе падборку аб рэпрэсіях супраць праваабаронцаў, юрыстаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.
Стан здароўя азербайджанскага праваабаронцы Анара Мамедлі імкліва пагаршаецца
Адвакаты і актывісты выказалі трывогу ў сувязі з імклівым пагаршэннем стану арыштаванага дырэктара Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі (ЦМВОД) Анара Мамедлі.
"На мінулым тыдні разам з калегам мы наведалі Анара Мамедлі ў Бакінскім СІЗА, дзе ён паведаміў пра пагаршэнне свайго стану і неабходнасць усебаковага абследавання", – напісаў адвакат Джавад Джавадаў у сваім акаўнце ў facebook.
У той жа дзень пісьмовы зварот Мамедлі з просьбай аб медыцынскім абследаванні быў накіраваны ў галоўнае медупраўленне Мінюста, пенітэнцыярную службу і апарат амбудсмена.
16 кастрычніка адвакат наведаў Мамедлі, які паведаміў, што ніякай рэакцыі на ягоны зварот няма. "Таму, мы вырашылі аддаць гэтае пытанне агалосцы", – адзначыў Джавадаў.
Анар Мамедлі – вядомы праваабаронца і актывіст па барацьбе са змяненнем клімату; ён дамагаўся, каб улады дазволілі прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці прыняць удзел у працы COP29. Анар Мамедлі быў затрыманы 29 красавіка 2024 года і змешчаны ў папярэдняе зняволенне. Яму выстаўленыя сфабрыкаваныя абвінавачванні ў незаконным увозе грошай у краіну. У выпадку, калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да васьмі гадоў турмы.
У Расіі судзяць вядомага праваабаронцу і сустаршыню руху "Голас" Грыгорыя Мельканьянца
27 верасня Басманны раённы суд Масквы пачаў разгляд крымінальнай справы вядомага ў Расіі спецыяліста па выбарчым праве, юрыста, праваабаронцы і сустаршыні руху "Голас" Грыгорыя Мельканьянца. Яму ставяць у віну сувязь з "непажаданай" арганізацыяй – Еўрапейскай сеткай арганізацый назірання за выбарамі (ENEMO). Па гэтым абвінавачванні Грыгорыю пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Разгляд крымінальнай справы па ч. 3 арт. 284.1 КК РФ пачаўся больш чым праз год пасля таго, як Мельканьянца арыштавалі. Увесь гэты час ён правёў у СІЗА. На першае пасяджэнне пусцілі толькі ўдзельнікаў працэсу.
Адвакаты паведамляюць, што судовыя паседжанні з 24 кастрычніка адмянілі па невядомай прычыне. Дата наступнага судовага паседжання пакуль невядомая.
"Голас" - вядомы расейскі грамадскі рух, які з 2000 года рыхтуе назіральнікаў і вядзе маніторынг парушэнняў на выбарах усіх узроўняў.
Расійскага праваабаронцу Аляксея Сакалова змясцілі ў псіхіятрычную лякарню
Праваабаронцу Аляксея Сакалова па хадайніцтве следчых змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу ў Екацярынбургу для правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы.
Там яго ўтрымліваюць у жорсткіх умовах. Праваабаронца пазбаўлены магчымасці нават папіць цёплай вады. Яму даюць толькі халодную. Пра гэта выданню URA.RU паведаміў сын Сакалова.
Таксама Аляксей Сакалоў, які знаходзіцца ў СІЗА-1 Екацярынбурга па абвінавачванні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведаміў у лісце сыну пра пагрозы з боку арыштантаў.
Аляксея Сакалова затрымалі раніцай 5 ліпеня 2024 года ў ягонай кватэры. У той жа дзень ператрусы прайшлі ў яго сына Яўгена, які стаў сведкам па справе. Следчыя лічаць, што Аляксей публікаваў у сацсетках пасты, у якіх адлюстроўваў недакладныя факты аб дзейнасці Свярдлоўскага ГУ ФСВП, а таксама ставіў спасылкі на Facebook, якая належыць Meta, якая забароненая і прызнаная экстрэмісцкай у РФ.
Эксперт ААН: "Грузінскія праваабаронцы падвяргаюцца нападам і пераследу"
У 2024 годзе праваабаронцы ў Грузіі сутыкнуліся з хваляй рэпрэсій, якая, як лічаць незалежныя эксперты ААН, працягваецца па гэты дзень. Пра гэта заявіла Спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мэры Лолор.
Спецдакладчык нагадала пра пераслед праваабаронцаў у той час, калі парламент краіны абмяркоўваў Закон аб празрыстасці замежнага ўплыву ў пачатку бягучага года. Закон, прыняты 28 траўня і які ўступіў у сілу першага жніўня, нягледзячы на масавыя народныя пратэсты, ставіць Грузію ў складанае становішча ў дачыненні да абавязацельстваў па правах чалавека.
Па словах Лолор, у ходзе гэтага заканадаўчага працэсу праваабаронцы падвяргаюцца пераследу і тэлефонным званкам з пагрозамі. Некаторыя з іх падвергся жорсткаму нападу, як напрыклад, адзін з заснавальнікаў прадэмакратычнага руху "Сірцхвілія" Зука Бердзенішвілі. Іх офісы і дамы былі размаляваныя пагрозамі і паклёпам.
Спецыяльны дакладчык заклікала ўрад змяніць курс і сур'ёзна разгледзець пытанне аб выкананні рэкамендацый, выкладзеных у яе дакладзе Савету па правах чалавека ААН.
Украінскага праваабаронцу Максіма Буткевіча вызвалілі з палону ў Расіі
У выніку абмену ваеннапалоннымі паміж Расеяй і Украінай 18 кастрычніка быў вызвалены ўкраінскі праваабаронца, журналіст, сузаснавальнік «Громадське радіо» Максім Буткевіч. Пра гэта паведаміў заснаваны Буткевічам Праваабарончы цэнтр Zmina са спасылкай на бацьку Буткевіча.
Раней Буткевіча асудзілі да 13 гадоў калоніі — паводле следства, праваабаронца нібыта абстраляў жылы дом у Севераданецку з супрацьтанкавага гранатамёта Panzerfaust-3. З чэрвеня 2022 году мужчына знаходзіўся ў расійскім палоне.
Максім Буткевіч — украінскі праваабаронца і журналіст, змагаўся з праявамі дыскрымінацыі ва ўсіх яе формах ва Украіне. Ён таксама з'яўляўся каардынатарам і сузаснавальнікам праекту дапамогі бежанцам "Без меж". Пасля пратэстаў 2020 года Буткевіч актыўна дапамагаў беларускім уцекачам.