Гаспадарчы суд Гомельскай вобласьці не задаволіў пазоў грамадзкага жаночага аб`яднаньня “Ініцыятыва” да Гомельскага райвыканкаму
Жаночае аб`яднаньне “Ініцыятыва” дамагалася ў судзе адмены рашэньня Гомельскага райвыканкаму. Апошні дазволіў, а потым у адмысловым рашэньні адмовіўся ўзгадніць новую юрыдычную адрэсу жаночай “Ініцыятыве” ў прыватным доме ў вёсцы Яроміна.
Падчас папярэдніх судовых разьбіральніцтваў высьветлілася, што райвыканкам і Яромінскі сельсавет адмову прымалі на падставе сфальшаваных сьведчаньняў і дакумэнтаў.
Гаспадарчы суд доўгі час ня прымаў рашэньне. Судзьдзя Валянціна Пугачова тлумачыла пазоўцам, што ня можа гэта зрабіць. У Жыльлёвым кодэксе ня сказана дакладна пра разьмяшчэньне юрыдычных адрэсаў у жылых памяшканьнях.
Судзьдзя накіравала запыт у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але адтуль адказалі, што гэта ня іхная кампэтэнцыя.
Атрымаўшы такі адказ, судзьдзя Валянціна Пугачова 7 траўня адхіліла пазоў жаночай “Ініцыятывы” да райвыканкаму.
Адсутнасьць юрыдычнай адрэсы пагражае жаночай арганізацыі закрыцьцём.
паводле Радыё Свабода