viasna on patreon

Затрыманне святара, ціск на палітвязня і папаўненне "спіса экстрэмістаў": хроніка пераследу 17-19 жніўня

2024 2024-08-19T16:03:32+0300 2024-08-19T16:08:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sviatar_yarashevich.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17-19 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Знікла сувязь з фігурантам "справы Ціханоўскага" Аляксандрам Арановічам 

Палітзняволены Аляксандр Арановіч. Фота: spring96.org

Па інфармацыі "Краіны для жыцця", з Аляксандрам ужо два месяцы няма ніякай сувязі. Верагодна, ён знаходзіцца ў ШІЗА за адмову падпісваць прашэнне аб памілаванні.

Нагадаем, Аляксандр — удзельнік каманды "Страна для жизни", разам з камандай ездзіў па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Жыў горадзе Старыя Дарогі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да 2020 года працаваў кіроўцам.

Яго абвінавацілі ў "арганізацыі дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак" (арт. 342 КК) і "падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках" (п. 13 ч. 2 арт. 293 КК) за захоўванне на гарышчы дома ў сваіх бацькоў старой дымавой шашкі. 27 красавіка 2021 года суд прызначыў яму 6 гадоў калоніі. Пазней палітвязню ўзмацнілі пакаранне і перавялі ў магілёўскую турму.


Пасля размовы ў чат-рулетцы затрымалі мінчука

Мужчына паразмаўляў з украінскім блогерам Rusha Goodbye пра сітуацыю ў Беларусі. Дома ў затрыманага знайшлі нацыянальны сцяг і медаль "23.34". Прозвішча затрыманага высвятляецца.


Затрыманы ксёндз Павел Ярашэвіч

Святар знаходзіцца ў ізалятары з пятніцы, 16 жніўня. Імаверна, суд над ім адбудзецца сёння, піша "Хрысціянская візія".

Ксёндз Ярашэвіч з'яўляецца Пружанскім дэканам і пробашчам мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Пінская дыяцэзія).


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкімі" суполкі аматараў беларускамоўнай Вікіпедыі, а таксама лагатып замежнага брэнда адзення 

Суд Ленінскага раёну Магілёва прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" суполку ва "Укантакце" і Telegram-канал "Вікіпедыя", у якім публікаваліся самыя папулярныя артыкулы на беларускай мове ў Вікіпедыі ў розныя дні. Апроч гэтага "экстрэмісцкім" быў прызнаны і лагатып замежнага брэнда адзення "SUPCABLE" — адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Гомеля.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 17 жніўня папоўнілі:

  • telegram-каналы і чаты "р0снявий трансхохол", "Вот Так";
  • instagram-старонкі "vottaktv", "lilia_kvatsabaya ", "photonegativki", "revivalbelarus";
  • чат у Viber "Лепшы Рэгіен";
  • facebook-старонкі "Юлiя Кухто", "Zmicier Chanievic";
  • старонкі ў "X" "НебезразличнаЯ Варвара", "BelaruslnUK", "LITVANIA", "Franak Viacorka", "People’s Embassy of Belarus in Sweden", "Pavel Latushka", "United Transitional Cabinet of Belarus";
  • артыкулы "Хартыі" "Наталья Радина: Война для Лукашенко может иметь неожиданные последствия", "В Европарламенте говорили об убийствах белорусских политзаключенных", "Наталья Радина в "Gazecie Wyborczej": Беларусь будет свободной!";
  • старонка ў "Аднакласніках" "Владимир Клопов".

Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 30 палітзняволеных

Пра гэта 16 жніўня паведаміла ягоная прэс-служба.

Сярод памілаваных 14 жанчын і 16 мужчын, некаторыя з іх маюць сур'ёзныя захворванні. Ёсць асобы пенсійнага ўзросту. Падрабязнасці высвятляюцца.

Больш за 15 палітвязняў вызвалілі па амністыі і памілаванні, сярод іх — Рыгор Кастусёў

Па інфармацыі "Вясны", частка палітвязняў выйшлі па памілаванні, а не па амністыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства