viasna on patreon

"У мяне дагэтуль шнар на назе ад туфлі". Як у калоніях рэгулююць знешні выгляд жанчын

2024 2024-08-06T16:35:00+0300 2024-08-06T17:47:47+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vopratka_5.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння ў Беларусі 1 253 жанчыны асуджаныя паводле палітычна матываваных справаў. 288 з іх асуджаныя да пазбаўлення волі. З іх 153 жанчыны цяпер палітзняволеныя: 122 з іх знаходзяцца ў ПК-4 У Гомелі, тры — у ПК-24 у Зарэччы. Для жанчын у калоніях строгія ўмовы зняволення, якія адбіваюцца на іх знешнім выглядзе. Больш за тое — сам іх знешні выгляд рэгулюецца і становіцца чарговай нагодай для рэпрэсій. "Вясна" распытала палітзняволеных, як у калоніі №4 рэгулюецца знешні выгляд і папрасіла юрыстаў даць каментар пра гэта.

Калі жанчыны трапляюць у калонію, у іх забіраюць рэчы, у якіх яны прыехалі. Пакінуць могуць нямногае — і тое чорнага колеру, хоць у інструкцыі прапісана, што можна насіць цёмна-зялёны, цёмна-сіні і карычневы. Цяпер забіраюць нават не чорныя шкарпэткі, хоць раней былі дазволеныя і іншыя колеры, таму, напрыклад, у атрадах ёсць людзі, якія ходзяць у каляровых шкарпэтках.

"Гэта першыя хвіліны, як я надзела на сябе ружовы мяшок". Жанчыны распавялі пра фота на бірку пасля этапу ў калонію

Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі, як іх фатаграфавалі на "жоўтыя біркі" адразу пасля цяжкіх этапаў у жаночую гомельскую калонію № 4.

Наўзамен даюць пераапрануцца ў ружовую сукенку, потым — выдаюць пад подпіс усю форменную вопратку. Часцей за ўсё яна ружовага колеру. Даюць і абавязковую целагрэйку: насіць яе трэба абавязкова, калі абвяшчаюць. Яна вельмі цяжкая, але пры гэтым абсалютна не грэе. Калі тэрмін больш за год, часта даюць новыя рэчы, калі менш — могуць даць ношанае.

vopratka_5.png
Так выглядае вопратка жанчын у папраўчай калоніі №4. Тут і далей выкарыстаныя ілюстрацыі з фільмаў, выпушчаных на дзяржаўным тэлебачанні

— Раней выдавалі хусткі, якія можна было завязаць і кутком прыкрыць шыю, — распавядае адна з палітзняволеных. — Гэта дазваляла ледзь-ледзь захаваць цяпло. Цяпер сталі выдаваць шапкі, якія называюць "гандонкамі": яны прыліпаюць да галавы цалкам, у іх няма адваротаў, шыя голая, каўнер падняць немагчыма. Шыя цалкам голая. У іх было вельмі холадна.

Скраб з турэмных каш, мыла як духі і пінцэт з запалак

Былыя палітзняволеныя жанчыны распавялі пра дагляд за сабой у зняволенні.

Абутак у калоніі не вельмі зручны: грубыя чаравікі, сланцы і туфлі на плоскай падэшве — іх называюць "чувякамі". Цяжкія туфлі націраюць мазалі. У такім адзенні, што часта не пасуе пад клімат, зняволеным нярэдка даводзіцца стаяць на вуліцы на аглядах. Зімовыя туфлі ўнутры ніяк не ўцепленыя, таму ў іх досыць холадна. Паколькі яны кароткія, ногі ў іх перыядычна мерзнуць.

vopratka_2.png
Так выглядае вопратка жанчын у папраўчай калоніі №4. На здымках прыкметныя ружовыя і цёмна-зялёныя стандартныя сукенкі, што выдаюцца ў калоніі

— Абутак і адзенне могуць даць не па памеры, — успамінае адна з палітзняволеных. — Мне далі зімовыя туфлі на некалькі памераў большыя, я надзела іх адзін раз, бо так трэба было паводле правілаў, на адно з мерапрыемстваў калоніі з удзелам адміністрацыі. На астатні час у мяне былі свае туфлі. Я хадзіла ў іх паўдня — і мне сцерла нагу. Прычым не ў шкарпэтцы або пятцы, а там, дзе матэрыял зверху, на ўзроўні шчыкалаткі. У мяне да гэтага часу ёсць невялікі шнар на назе ад гэтага.

Катаванні позай, пагроза пазбаўлення бацькоўскіх правоў

Як жанчыны Беларусі сутыкаюцца з жорсткім абыходжаннем.

Палітзняволеныя распавядаюць, што вопратку шыюць на мясцовай швейнай фабрыцы разам з адзеннем для мужчынскіх калоній і службовай формай супрацоўнікаў міліцыі.

— Для жаночай калоніі дазваляецца значна больш браку, чым для міліцэйскай формы, — кажа адна з палітзняволеных. — Тканіны закупляюць упрытык, таму практычна любы брак, за выключэннем нейкіх дзірак, можна прапускаць. Калі шыецца форма для супрацоўнікаў міліцыі, так рабіць нельга. Таму часта бывае, што выкрайкі не заўсёды карэктныя. 

vopratka_7.png
У такой форме жанчыны працуюць на швейнай вытворчасці, дзе ў тым ліку шыюць форму для зняволеных і супрацоўнікаў міліцыі і калоній

Можна перадаць рэчы, але яны павінны быць цалкам узгодненымі з інструкцыямі, перш за ўсё — прымаюцца рэчы выключна чорнага колеру. Напрыклад, пальчаткі або шалікі ў калоніі не выдаюць, таму калі сваякі іх не перадалі, даводзіцца абыходзіцца без іх. Каб вырашыць гэтае пытанне, жанчыны выкручваюцца па-рознаму: напрыклад, адна з іх прыдумала завязваць калготкі замест шаліка.  

Як зняволеныя мусяць выглядаць, згодна з законам?

Мы задалі юрыдычнай службе "Вясны" пытанні аб тым, як рэгулюецца знешні выгляд жанчын у зняволенні.

— Якімі нацыянальнымі нормамі рэгулюецца знешні выгляд зняволеных?

— Знешні выгляд асуджаных рэгулюецца Крымінальна-выканаўчым кодэксам (далей – КВК), Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў і Пастановай Савета Міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632.

Згодна з ч. 1 арт. 94 КВК, асобам, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах, забяспечваюцца неабходныя жыллёва-бытавыя ўмовы, якія адпавядаюць правілам санітарыі і гігіены. Нормы рэчавага забеспячэння ўстанаўліваюцца Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2000 г. № 174 (далей – Правілы), асуджаныя забяспечваюцца трохразовым гарачым харчаваннем, адзеннем, сподняй бялізнай і абуткам, а таксама пасцельнымі прыналежнасцямі паводле ўстаноўленых нормаў (п. 349). Акрамя таго, у правілах замацоўваецца абавязак асуджаных насіць вопратку ўстаноўленага ўзору, а ў папраўчых калоніях асаблівага рэжыму – спецыяльнага ўзору, нагрудныя і нарукаўныя знакі для асуджаных згодна з дадаткам 4, за выключэннем асуджаных, якія змяшчаюцца ў папраўчыя калоніі-паселішчы (п. 57.8).

Пастановай Савета міністраў ад 28 красавіка 2010 г. № 632 устаноўленыя нормы рэчавага забеспячэння асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў папраўчых установах і арыштных дамах.

vopratka_4.png
Адзін з варыянтаў адзення ў жаночай калоніі №4

Жанчынам выдаюцца:

  1. Галаўны ўбор зімовы
  2. Хустка
  3. Паўпаліто ватовае
  4. Касцюм (жакет і спадніца)
  5. Сукенка
  6. Блуза
  7. Штаны трыкатажныя
  8. Сарочка (майка)
  9. Трусы (панталоны)Трусы (панталоны) уцепленыя (з начосам)
  10. Бюстгальтар
  11. Шкарпэткі баваўняныя
  12. Калготкі
  13. Туфлі
  14. Тапачкі
  15. Чаравікі
  16. Боты гумовыя (выдаюцца асобам, якія выконваюць вонкавыя працы і (або) працуюць у халодных памяшканнях)
  17. Шкарпэткі паўшарсцяныя

— Ці парушаюць нормы такога тыпу правы чалавека?

— Адміністрацыя калоніі ўжывае нормы шырока. Так яна аказвае ціск на асуджаных, прыцягваючы іх да адказнасці за злосныя непадпарадкавання законным патрабаванням адміністрацыі, у выпадку нашэння адзення не паводле ўстаноўленай формы. Узімку зняволеныя часам замярзаюць, а летам, нягледзячы на спякоту, не могуць распрануцца. Часам такія пакуты могуць быць расцэненыя як жорсткія, бесчалавечныя або прыніжальныя годнасць абыходжанне і пакаранні.

"Абмежаванне ў перадачы гігіенічных пракладак жанчынам — простае самавольства"

Юрыст "Вясны" — пра новыя змены ў калоніях.

— Як гэта адлюстроўваецца ў міжнародных нормах? Як яны суадносяцца з нацыянальнымі?

У Мінімальных стандартных правілах абыходжання са зняволенымі паказана, што зняволеным варта выдаваць адзенне, якое адпавядае клімату і якое дазваляе падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.

ПРАВІЛЫ НЭЛЬСАНА МАНДЭЛЫ

Адзенне і спальныя прыналежнасці

Правіла 19

1. Зняволеным, якія не маюць права насіць уласнае адзенне, варта выдаваць камплект абмундзіравання, адпаведнага клімату і які дазваляе падтрымліваць іх здароўе ў здавальняючым стане. Гэтае адзенне не павінна мець ні абразлівага, ні зневажальнага характару.

2. Адзенне павінна ўтрымлівацца ў чысціні і спраўнасці. Мыццё і змену свежай бялізны варта забяспечваць у адпаведнасці з патрабаваннямі гігіены.

У нацыянальным заканадаўстве не пазначана, што адзенне мусіць адпавядаць клімату і падтрымліваць здароўе ў здавальняючым стане.

"Б'юць па самым балючым — па родных, блізкіх, сяброўках у ПК"

Новая інфармацыя пра рэпрэсіі і ціск у гомельскай жаночай калоніі.

— Як з юрыдычнага погляду можна ахарактарызаваць тое, якія пакаранні даюць за неадпаведнасці ў знешнім выглядзе?

— Абавязак насіць адзенне ўстаноўленага ўзору і паводле ўстаноўленай формы ўскладаецца на асуджаных. За невыкананне правілаў унутранага распарадку, асуджаныя прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці. У выпадку, калі ў гарачы дзень чалавек захоча зняць частку адзення або расшпіліцца, яго прыцягнуць да адказнасці за парушэнне правілаў. У якасці пакарання могуць ужыць змяшчэнне ў клетку або дысцыплінарнае спагнанне: вымова, пазбаўленне спатканняў, змяшчэнне ў ШІЗА ды іншае (арт. 112 КВК). У выпадку прыцягнення цягам года да дысцыплінарнай адказнасці некалькі разоў, чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле арт.411 КК і дадаць тэрмін.  

vopratka_6.png
Вопратка жанчын у калоніі №4

Напрыклад, вытрымка з аднаго з прысудаў:

Прысудам раённага суда К. асуджаны за злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы (арт. 411 КК). Згодна з прысудам К. наўмысна, жадаючы аказаць злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", насуперак устаноўленым правілам адбыцця пакарання, на працягу года з дня накладання дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу дапусціў злосныя непадпарадкаванні законным патрабаванням адміністрацыі ПУ "ПК", якія выявіліся, у тым ліку, у тым, што:

13 сакавіка 2019 г. у 20 гадзін 5 хвілін К., які змяшчаецца ў камеры ПКТ № 18, парушыў форму адзення для асуджаных, што ўтрымліваюцца ў ШІЗА, ПКТ: знаходзіўся ў камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, законныя патрабаванні прадстаўніка адміністрацыі ПУ "ПК" – кантралёра М. перастаць парушаць форму адзення не выканаў, у 20 гадзін 30 хвілін пры паўторным абыходзе працягваў хадзіць у камеры без курткі х/б з нагрудным знакам, чым парушыў падп. 57.8, у адпаведнасці з якім асуджаныя абавязаны насіць адзенне ўстаноўленага ўзору.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства