Спектакль, квіз, "турэмны эксперымент": якія мерапрыемствы пройдуць у межах "Тыдня супраць катаванняў" 25-30 чэрвеня Дапоўнена
Міжнародны дзень ААН у падтрымку ахвяр катаванняў адзначаецца 26 чэрвеня. "Прававая ініцыятыва" традыцыйна прымяркоўвае да яго "Тыдзень супраць катаванняў", у межах якога праводзіць цыкл адукацыйных мерапрыемстваў, каб прыцягнуць увагу да здзекаў з затрыманых ды зняволеных беларусаў і беларусак, якія працягваюцца. Кампанія пройдзе з 25-га па 30-е чэрвеня ў розных краінах Еўропы. Расказваем, якія мерапрыемствы плануюцца (праграма абнаўляецца).
Закрытая прэс-канферэнцыя для журналістаў. Анлайн-прэзентацыя расследавання "Катаванні ў Маскоўскім РУУС", 25 чэрвеня
Прававая ініцыятыва і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі правядуць прэзентацыю расследавання аб катаваннях у Маскоўскім РУУС г. Мінска, якія адбываліся з 9 па 13 жніўня 2020 года.
"Каб скласці храналогію падзей, мы вывучылі сотні старонак аповедаў людзей, а таксама мноства дакументаў і медычных даведак. Але галоўнае — мы правялі апазнанне злачынцаў. Напрыканцы справаздачы прыводзіцца спіс з імёнамі і фота сілавікоў, што ўдзельнічалі ў катаваннях у гэтыя дні. Наша галоўная задача — аднавіць падзеі жніўня 2020 года, захаваць усе сведчанні злачынстваў ды імёны злачынцаў. Паказаць вінаватым, што мы ведаем, што яны зрабілі. Даць зразумець рэжыму, што мы нічога не забудзем і не даруем".
Познань, 25 чэрвеня, квіз "PRAVO NAPRAVO"
Арганізатары лічаць, што складаныя тэмы важна і трэба прасоўваць любымі спосабамі, а гульнявы фармат дапамагае лепш разабрацца ў тэме і больш запомніць. Таму прапануюць узяць удзел у квізе "PRAVO NAPRAVO", прысвечаным праву на абарону ад катаванняў. Калі вы даўно хацелі разабрацца ў гэтай тэме, але не ведалі, як падступіцца — прыходзьце на квіз! Абяцаюць шмат новых фактаў і цікавых пытанняў у прыязнай атмасферы паб-квіза.
Дзе і калі: бар "MY", Fredry 5/3a, Poznań, 25.06, аўторак, 18:00, трэба зарэгістраваць сваю каманду
Варшава, 26 чэрвеня, спектакль "Паслязаўтра будзе заўтра"
Рэжысёр і акцёр Павел Гарадніцкі ды "Прававая ініцыятыва" прадставяць супрацоўніцтва: мона-спектакль пра чалавека, які прайшоў праз беларускую турму за каментары. Гэта рэальная гісторыя, напісаная на аснове задакументаваных сведчанняў пацярпелых. Спектакль зроблены спецыяльна да "Тыдня супраць катаванняў". "Паслязаўтра будзе заўтра" — гэта гісторыя пра выжыванне ў няпростых умовах, пра чалавечнасць і надзею, што немагчыма адабраць нават у сценах турмы. На адну гадзіну гледачы атрымаюць магчымасць назіраць рэчаіснасць вачыма героя: пасмяяцца, паплакаць разам з ім і памарыць пра нешта сваё.
Дзе і калі: Музей Вольнай Беларусі (Free Belarus Museum-Google Карты), Варшава, ul. Foksal, 11, 26.06, серада, квіткі
Львоў, 26 чэрвеня, Дзень адчыненых дзвярэй у музеі-турме на Лонцькага
26 чэрвеня ў Львове ў будынку былой турмы на Лонцькага адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй. Чаму менавіта турма на Лонцькага? Яе камеры калісьці былі месцам, дзе такія ж каты спрабавалі зламаць волю і веру ўкраінцаў. Арганізатары ўяўляюць, што турмы ў Беларусі, Расіі ды Крыме, дзе цяпер утрымліваюцца палітвязні – беларусы, украінцы і крымскія татары, выглядаюць вельмі падобным чынам.
Як гэта будзе? У фармаце гукавых інсталяцый: мы паставім у камеры калонкі, у якіх будуць гучаць апавяданні людзей, якія асабіста сутыкнуліся з машынай гвалту пад назвай "рэжым Лукашэнкі". Гэта будуць задакументаваныя гісторыі рэальных людзей.
Дзе і калі: Львоў, вул. Сцяпана Бандэры, 1, 26.06, серада, 10:00-18:00, вольны ўваход на працягу дня
Вільня, 30 чэрвеня, спектакль "Паслязаўтра будзе заўтра"
Рэжысёр і акцёр Павел Гарадніцкі ды "Прававая ініцыятыва" прадставяць супрацоўніцтва: мона-спектакль пра чалавека, які прайшоў праз беларускую турму за каментары. Гэта рэальная гісторыя, напісаная на аснове задакументаваных сведчанняў пацярпелых. Спектакль зроблены спецыяльна да "Тыдня супраць катаванняў". "Паслязаўтра будзе заўтра" — гэта гісторыя пра выжыванне ў няпростых умовах, пра чалавечнасць і надзею, якія немагчыма адабраць нават у сценах турмы. На адну гадзіну гледачы атрымаюць магчымасць назіраць рэчаіснасць вачыма героя: пасмяяцца, паплакаць разам з ім і памарыць пра нешта сваё.
Дзе і калі: Вільня,A. Jakšto g. 9-130, 30.06, нядзеля, квіткі
Вільня, 27 чэрвеня, "Турэмны эксперымент"
"Прававая ініцыятыва" правядзе незвычайную акцыю ў турме-музеі ў Вільні. Удзельнікі, у асноўным замежнікі, апынуцца на некаторы час у перапоўненай камеры, каб на асабістым вопыце даведацца, што робіць з беларусамі ў няволі рэжым Лукашэнкі. Пасля эксперыменту жадаючыя падзеляцца ўражаннямі падчас дыскусіі. Мэта акцыі — прыцягнуць увагу да сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі. У турмах краіны прама цяпер дыктатарскі рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае больш за 1 400 чалавек па палітычных прычынах, супраць многіх з іх ужываюцца катаванні.
Дзе і калі: Музей акупацыі і барацьбы за свабоду, Aukų g., 2A, 27.06, чацвер, 10:00, рэгістрацыя
Познань, 27 чэрвеня, Трэнінг па аказанні першай дапамогі
Аказанне першай дапамогі — гэта не тэорыя, а навык. Нельга навучыцца гэтаму, прачытаўшы нават самае лепшае практычнае кіраўніцтва. Для таго, каб умець правесці сардэчна-лёгачную рэанімацыю, спыніць крывацёк і перабінтаваць рану, трэба абавязкова практыкавацца пад кіраўніцтвам прафесіяналаў. Прайсці навучанне першай дапамогі — гэта рэальны шанец калі-небудзь выратаваць жыццё чалавеку.
Дзе і калі: 27.06, чацвер, астатнія звесткі ўдакладняюцца
Варшава, 29 чэрвеня, пляцоўка "Прававой ініцыятывы" на Hučna Fest
29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе чарговы вялікі Hučna Fest з сучаснай літаратурай і мастацтвам, актуальнай беларускай музыкай ды актывізмам. Каманда "Прававой ініцыятывы" на сваёй пляцоўцы правядзе актыўнасці, прысвечаныя "Тыдню супраць катаванняў".
Дзе і калі: бераг Віслы, Wybrzeże Kościuszkowskie 22, 29.06, Субота, 13:00-17:00, вольны ўваход
Анлайн-аўкцыён карціны Вольгі Якубоўскай, 26-30 чэрвеня
Цягам усяго "Тыдня супраць катаванняў" будзе праходзіць анлайн-аўкцыён, на якім можна набыць адну з карцін беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай. Атрыманыя сродкі пойдуць на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.
Працы мастачкі з Наваполацка Вольгі Якубоўскай знаёмыя, напэўна, кожнаму неабыякаваму беларусу. Менавіта яна пасля падзей 2020 года адлюстравала герояў мірных акцый у выглядзе коцікаў, якія супрацьстаяць ваўкам – памагатым рэжыму. Мастачка называе сябе рэпарцёркай пратэсту і мае намер весці "кашэчую" хроніку датуль, пакуль Беларусь не стане свабоднай.
Дзе і калі: спасылка на аўкцыён (будзе даступная падчас Тыдня)