viasna on patreon

"Вясна" накіравала зварот спецдакладчыкам ААН з нагоды пагаршэння здароўя Паўла Кучынскага

2024 2024-03-19T13:45:00+0300 2024-03-19T15:55:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kuchynski-pavel-04.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Палітзняволены маладзечанец Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі. Нягледзячы на анказахворванне, яго ўтрымліваюць у зняволенні больш за два гады. У чэрвені 2022 года яго асудзілі да пяці гадоў калоніі, а па выніках апеляцыі паменшылі прысуд толькі на тры месяцы. Пры гэтым замена пакарання, на не звязанае з пазбаўленнем волі, судом не разглядалася. Замест калоніі Паўла накіравалі ў рэспубліканскую лякарню ў Калядзічах, дзе палітвязень цяпер праходзіць лячэнне, якое яму не дапамагае, таму хвароба прагрэсуе. Раней з лекарамі праводзілася кансультацыя з нагоды перасадкі касцявога мозгу, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення. У сувязі з гэтым юрысты "Вясны" звярнуліся да спецыяльных дакладчыц ААН па Беларусі і па пытанні аб праве на здароўе.

Павел Кучинский
Павел Кучынскі

Што цяпер вядома пра стан здароўя палітвязня

Павел — каталіцкі вернік, скончыў факультэт радыётэхнікі і нанатэхналогій БДУІРа, працаваў на "Інтэграле" ў Мінску. Дыягназ палітвязню паставілі ў сакавіку 2021 года, але прыкметы хваробы выявіліся яшчэ ўвосень 2020 года. Лекары дыягнаставалі ў Паўла лімфому Ходжкіна чацвёртай стадыі.

Палітвязня затрымалі 26 студзеня 2022 года. Нягледзячы на дакументы з лякарні, што яму неабходна лячэнне, пастаянныя абследаванні і яго нельга трымаць у такіх умовах, мужчыну пакінулі пад вартай. У чэрвені 2022 года Паўлу прысудзілі пяць гадоў пазбаўлення волі па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса за каментары ў інтэрнэце. У Мінскім абласным судзе 2 верасня была разгледжаная апеляцыйная скарга палітвязня, па выніках якой яму скарацілі тэрмін на тры месяцы — з пяці гадоў зняволення да чатырох гадоў і дзевяці месяцаў. Але пры гэтым дадалі штраф у памеры 120 базавых велічынь (3 840 рублёў).

У ліпені 2022 года, падчас медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, Паўлу паставілі першую групу інваліднасці — дагэтуль у яго была інваліднасць другой групы. Палітвязня павінны былі накіраваць у папраўчую калонію ва ўмовах узмоцненага рэжыму, але праз анкалагічнае захворванне змясцілі ў рэспубліканскую бальніцу ў Калядзічах, для правядзення дыягностыкі для анкахворых (ПЭТ/КТ). У гэтай бальніцы пацыенты знаходзяцца не ў палатах, а ў звычайных камерах, якія перабудавалі для медычных патрэбаў.

Вядома, што курсы хіміятэрапіі Паўлу не дапамагаюць і хвароба прагрэсуе. Пасля абследаванняў курс лячэння мяняюць, але палітвязню не становіцца лепш. Таксама ў яго была кансультацыя з лекарамі з нагоды перасадкі касцявога мозгу, але праз зняволенне і ўмовы ўтрымання зрабіць гэта немагчыма, бо для правядзення аперацыі патрабуюцца высокакваліфікаваныя спецыялісты.

"Прызначанае яму пакаранне было непрапарцыйна жорсткае"

Юрысты "Вясны" адзначаюць, што, улічваючы стан здароўя Паўла і яго дыягназ, рашэнне суда аб прызначэнні яму пазбаўлення волі пагражае яго жыццю:

"Ад самага пачатку яго зняволення, усе спробы адваката і сваякоў абараніць неабгрунтаванасць яго ўтрымання пад вартай былі беспаспяховымі. У СІЗА ён не мог без перапынкаў праходзіць хіміятэрапію, бо яго пастаянна вазілі да следчага ў Маладзечна. Было б гуманна прызначыць у якасці меры стрымання, напрыклад, хатні арышт з адсочваючым бранзалетам і дазволіць яму атрымліваць якасную медычную дапамогу.

Пасля працяглага знаходжання ў СІЗА нават цалкам здаровыя людзі сутыкаюцца са з'яўленнем праблемаў са здароўем у сувязі з умовамі ўтрымання. Напрыклад, былыя палітвязні распавядаюць, што ў іх праз нейкі час сапсаваліся зубы ад алюмініевых кубкаў, з якіх п'юць затрыманыя. Па гэтай прычыне ў людзей, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, у няволі стан здароўя крытычна пагаршаецца аж да рэальнай пагрозы жыцця.

Практычна адразу, пасля вынясення прысуду ён быў накіраваны ў бальніцу для асуджаных і там застаецца на гэты момант. Гэта наглядная дэманстрацыя таго, што прызначанае яму пакаранне было непрапарцыйна жорсткае, улічваючы яго стан здароўя".

Па словах юрыстаў, прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі не ўлічвае цяжкі стан яго здароўя, не дазваляе яму прайсці якаснае лячэнне і ставіць пад пагрозу яго жыццё.

"Таму мы звярнуліся да спецыяльнай дакладчыцы ААН па Беларусі Анаіс Марэн і спецыяльнай дакладчыцы ААН па пытанні аб праве на здароўе Тлаленг Мафокенг з просьбай пачаць камунікацыю з уладамі Беларусі па забеспячэнні Паўлу Кучынскаму доступу да належнай медыцынскай дапамогі", — адзначаюць юрысты.


Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны": Telegram: @zvarot96 і Email: zvarot@spring96.org.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства