Затрыманні ў Верхнядзвінску і Магілёве, новая "спецвытворчасць": хроніка пераследу 13 сакавіка
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Баранавічах католікам не дазволілі правядзення гарадскога Крыжовага шляху
Паводле шматгадовай традыцыі ў Пятую нядзелю Вялікага посту каталіцкія вернікі Баранавічаў праводзяць агульнагарадскі Крыжовы шлях. Аднак сёлета мясцовыя ўлады не далі дазвол на правядзенне мерапрыемства, якое планавалася на 17 сакавіка.
Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма, і прычына адмовы не названая, але гэту тэму абмяркоўваюць у парафіяльных чатах і разважаюць пра тое, ці не звязана такое рашэнне з тым, што на той жа дзень у райцэнтры запланаваны масавыя гулянні з нагоды «Масленіцы», піша katolik.life.
Крыжовы шлях па вуліцах горада стаў своеасаблівай візітнай карткай духоўнай культуры Баранавічаў. У велічнай працэсіі сотні вернікаў ішлі па цэнтральнай частцы горада, разважаючы над прыпынкамі Крыжовага шляху. Мужчыны неслі на плячах вялікі цяжкі крыж — знак збаўчай мукі і смерці Езуса Хрыста, вернікі маліліся за Касцёл, Бацькаўшчыну, розныя групы людзей.
Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва
Сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Супраць беларускай палітычнай уцякачкі распачалі спецвытворчасць — яе хочуць судзіць завочна
35-гадовую Ілону Рудэню абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў:
• арт. 188 (паклёп);
• ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);
• ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
• арт. 364 КК (гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў);
• арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады).
Ілону запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Першамайскі РУУС Мінска.
Супрацоўніка Верхнядзвінскага райвыканкама затрымалі па справе «кадравага рэзерву новай Беларусі»
На «пакаяльным відэа» мужчыну прымусілі сказаць, што ён з'яўляецца вучнем «кадравага рэзерву новай Беларусі» і супраць яго распачалі крымінальную справу.
Прапагандысты сцвярджаюць, што ў затрыманага «была нармальная праца» ў мясцовым райвыканкаме.