БЧБ-сцяг на акне, вымпел з "Пагоняй", выява з Раманам Бандарэнкам: за што беларусаў судзілі ў лютым
У мінулым месяцы сілавікі працягвалі пераследаваць беларусаў і беларусак за нацыянальную сімволіку і падпіскі на незалежныя СМІ. Па ўсёй краіне сілавікі штодзённа затрымліваюць дзясяткі людзей, ладзяць у кватэрах ператрусы, збіваюць і змяшчаюць іх у ізалятары з жудаснымі ўмовамі. У лютым праваабаронцам "Вясны" стала вядома пра мінімум 548 палітычна матываваных судоў па адміністрацыйных справах, з якіх было прызначана мінімум 95 арыштаў, 84 штрафы, а таксама тройчы — грамадскія працы. Акрамя гэтага, цягам месяца працягваліся суды над блізкімі і сваякамі палітзняволеных за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх людзей судзілі ў лютым.
Жыхара Наваполацку асудзілі за выяву з Раманам Бандарэнкам
У Наваполацку 15 лютага паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) асудзілі Максіма Вуська, затрыманага напярэдадні.
Паводле пратакола, Максім правёў пікетаванне ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" выявай Рамана Бандарэнкі з бел-чырвона-белымі стужкамі ў руцэ, а таксама статусам "Не забудзем!". Мужчына ў судовым пасяджэнні віну прызнаў і пацвердзіў, што ён размясціў у 2020 годзе паказаную ў пратаколе выяву Бандарэнкі.
Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала Максіма вінаватым і прызначыла яму сем сутак арышту.
Мінчанку асудзілі за перашкоду ў правядзенні ператрусу
Акрамя "народных" артыкулаў 24.23 (несанкцыянаванае пікетаванне) і 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), людзей актыўна прыцягваюць да адказнасці за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП) і за "непадпарадкаванне міліцыянтам" (арт. 24.3 КаАП). Але па гэтых артыкулах у абсалютнай большасці судзяць у Мінску.
Так, напрыклад, у судзе Заводскага раёна Мінска 21 лютага асудзілі Анастасію Малевіч. Супраць яе склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП нібыта за перашкоду міліцыянтам раніцай правесці ператрус у яе кватэры, а таксама яна нібыта "ўпіралася нагамі і не ўпускала ў кватэру, з мэтай утойвання зброі і сродкаў здзяйснення злачынства, а менавіта мабільнага тэлефона". Суд прызначыў ёй сем сутак арышту.
Жанчыну асудзілі за пікетаванне БЧБ-сцягам на акне
Згодна з матэрыяламі справы, увечары 14 студзеня супрацоўнікі міліцыі на акне жанчыны заўважылі вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Міліцыянты разглядзелі ў гэтым "несанкцыянаванае пікетаванне" і склалі супраць мінчанкі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Суд Ленінскага раёна Мінска 15 лютага прызнаў яе вінаватай і прызначыў ёй 14-сутачны арышт. На судзе жанчына прызнала сваю віну і пацвердзіла, што вывесіла ў сваім пакоі нацыянальны сцяг.
Суды пасля праверак тэлефонаў на мяжы з Беларуссю
Таксама працягваюцца затрыманні на мяжы па вяртанні ў Беларусь. Так, напрыклад, у мінулым месяцы арыштавалі мінімум трох чалавек, затрыманых пасля праверак тэлефонаў супрацоўнікамі мытні ў прапускных пунктах "Беняконі" і "Брэст-Тэрэспаль". Двух мужчынаў арыштавалі на 10 сутак, а аднаго — на шэсць сутак. Іх усіх прызналі вінаватымі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год
"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Арышт за "пікетаванне" вымпелам у машыне
Згодна з пастановай суда, жыхар Бярозы "з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў пікетаванне шляхам размяшчэння вымпела "Пагоня" ў аўтамабілі на люстэрку задняга віду". На судзе ён не прызнаў сваю віну і патлумачыў, што намеру на выказванне сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў не меў, а выкарыстоўваў вымпел як элемент гістарычнай памяці.
Напачатку лютага яго прызналі вінаватым паводле арт. 24.23 КаАП і асудзілі да сямі сутак арышту.
Вялікі штраф за падпіску на "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" і лайк пад іх пастом
У Маларыце асудзілі бацьку непаўнагадовага дзіця па арт. 19.11 КаАП. Паводле пратакола, мужчына "быў падпісаны ў Instagram на старонку "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі", а таксама паставіў лайк пад пастом "Увеличение доли электрифицированных железнодорожных участков БЖД – абсолютно логичное и в целом нужное направление модернизации и развития инфраструктуры. Это становится особенно актуально на фоне заявления властей о завершении строительства БелАЭС. Однако при более детальном рассмотрении уже не кажется таковым".
Суд расцаніў гэта як распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" і прызначыў яму штраф памерам у 600 рублёў (15 базавых велічыняў) з канфіскацыяй тэлефону.
Працягваюцца масавыя суды за атрыманне дапамогі праз INeedHelpBY
Падчас рэйду КДБ напрыканцы студзеня за атрыманне прадуктовай дапамогі ад ініцыятывы INeedHelpBY пад пераслед трапілі не менш за 287 чалавек. Па адміністрацыйным справам паводле арт. 24.15 КаАП (выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі) асудзілі больш за 100 чалавек. Суды прызначаюць вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы аплаты ў Е-дастаўцы.
Мінімум 100 чалавек судзяць за атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY
"Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
Так, у Оршы 1 лютага адбыўся суд над былым палітвязнем Дзянісам Сяргеевым. Паводле пратаколу, ён "атрымаў і выкарыстаў замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 244 рублі і 38 капеек, пералічаных прадстаўнікамі экстрэмісцкага фармавання INeedHelpBY у адрас інтэрнэт-крамы "Еўраопт". Суддзя Юлія Хаткевіч прызначыла Дзянісу штраф памерам 1 000 рублёў (25 базавых велічыняў) з кампенсацыяй сумы "замежных" аплат.
Таксама ў судзе Барысаўскага раёна 9 лютага разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Аксаны Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Суддзя Святлана Баранава прызначыла ёй штраф у 20 базавых велічыняў (800 рублёў), а таксама кампенсацыю дапамогі ў памеры 2 854 рублі і 45 капеек.
Маці экс-палітвязня, якая з’ехала ў Вільню, праз Viber асудзілі за Е-дастаўку. Аўдыё суда
Пастара з Новалукомля Аляксандра Зарэцкага арыштавалі на 15 сутак — яго затрымалі за малітву за Украіну
Аляксандр Зарэцкі, пастар евангельскай царквы Новалукомля (Чашніцкі раён, Віцебская вобласць) быў затрыманы 22 лютага за тое, што падчас набажэнстваў у яго абшчыне гучала малітва за спыненне вайны ва Украіне. Раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару з гэтай нагоды і пагражалі пераследам. Незадаволенасць уладаў выклікала і тое, што пастар таксама адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах, якія яны ладзяць.
Святару прызначылі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП. Пасля заканчэння тэрміну яго перазатрымалі і зноў асудзілі да 15 сутак.
Гродзенца арыштавалі за кветкі і фота Аляксея Навальнага каля генконсульства Расіі
У судзе Ленінскага раёна Гродна 20 лютага адбыўся суд над мясцовым жыхаром паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Згодна з пастановай суда, ён паклаў побач з генконсульствам Расіі ў Гродне два гваздзікі і фота палітзняволенага расійскага палітыка Аляксея Навальнага, які 16 лютага памёр у папраўчай калоніі. Пасля гэта мужчына сфатаграфаваў кветкі і фотаздымак.
У гэты час каля консульства дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі, якія і затрымалі мужчыну. Суд прызнаў яго вінаватым у пікетаванні і прызначыў яму 10-сутачны арышт.
Лідчаніна арыштавалі за "Жыве Беларусь" у Twitter
У Лідзе 25 лютага адбыўся суд над інжынерам і бацькам двух непаўнагадовых дзяцей. Яго абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні".
Паводле пратакола, мужчына ў сацсетцы X (Twitter) размясціў надпіс "Жыве Беларусь". На судзе ён прызнаў сваю віну. У выніку яму прызначылі 15 сутак арышту.