Абнаўленні ў спісе "экстрэмісцкіх" матэрыялаў і чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 12 сакавіка Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Магілёве за рэпосты затрымалі мясцовага жыхара
Тэлеграм-канал сілавікоў паведаміў 11 сакавіка аб затрыманні магілёўца без указання яго імя.
MAYDAY TEAM вядома, што затрыманага клічуць Юрый Бруквенкаў. Яму сорак гадоў, працуе ён аўтаперавозчыкам. Затрыманне, хутчэй за ўсё, здарылася яшчэ 29 лютага.
Вядома, што ў віну мужчыну паставілі "лайкі" ў "Аднакласніках" пад публікацыямі з груп, прызнаных так званымі "экстрэмісцкімі матэрыяламі" - Хартыя'97 і "Краіна для жыцця".
Сілавікі затрымалі жыхара Крычава
Сцвярджаецца, што ён нібыта ў «Аднакласніках» распаўсюджваў «экстрэмісцкія матэрыялы» і абражаў Лукашэнку.
Супраць былой кіраўніцы гарадзенскага дзіцячага хоспіса распачалі спецвытворчасць
Вользе Вялічка інкрымінаваныя наступныя артыкулы:
• ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці);
• арт. 193-1 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі ці фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці);
• ч. 3 арт. 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да персанальных дадзеных);
• ч. 3 арт. 210 КК (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай);
• ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак);
• чч. 1, 2 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці);
• ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку).
Раней на Вольгу завялі крымінальныя справы за «незаконнае выкарыстанне спонсарскай дапамогі» і за ўдзел у акцыі пратэсту. Восенню 2020 года разам з дзецьмі выехала з Беларусі.
Па вяртанні з-за мяжы затрыманая адміністратарка тг-каналу "Несцерка"
Відэа з жанчынай з'явілася на канале, блізкім да сілавікоў. Калі верыць допісу да відэа, то за колькі дзён да ейнай паездкі ў Беларусь, хтосьці паведаміў пра гэта ў чат-бот сілавікоў, піша "Белсат".
Сярод іншага жанчына кажа, што ўдзельнічала ў стрымах са Святланай Ціханоўскай, хадзіла на пратэсты, адміністравала тэлеграм-канал. Напрыканцы відэа жанчынане стрымлівае слёз.
Сілавікі затрымалі адміністратара кампаніі па продажы адзення
На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што пісаў абразлівыя каментары на адрас сілавікоў і Лукашэнкі, перапісваўся з блогеркай Таццянай Мартынавай.
Таксама ён зняў перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа ў чат-бот канала Nexta.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
На гэты раз і спіс патрапілі:
Telegram-каналы і чаты «Звычайная Рапушыная Лiтва # Якельт», «Šaúroú LIVE», «Беларусы Варшавы. Палiтыка», «Саламандры», «сПокойный Островец»;
TikTok-старонкі «Anna Birilo», «Weekly Top Fake», «Вектор новости», «Змагарка Алеся», «Radistka Kat», «Martin.kram», «Маргарита Левчук», «Andrei Rusojob», «BY.ЕвроБелорус».
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкай" газету "Автодайджест"
Суд Партызанскага раёну Мінска 7 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» «друкаванае выданне сродка масавай інфармацыі "Автодайджест".
У Беларусі ёсць газета «Автодайджест» — гэта рэспубліканскі штотыднёвы аўтамабільны агляд. Яна вольна прадаецца ў «Белсаюздруку».