"Зрабілі Акрэсціна паўсюль". Экс-палітвязень распавёў пра "суткі" пасля калоніі
Святаслаў (імя зменена ў мэтах бяспекі) — былы палітвязень, які адбыў тры гады калоніі. Раптоўна пасля вызвалення ён трапіў на "суткі" ў ІЧУ Мінскага раёна ў лістападзе 2023 года. Святаслаў распавёў "Вясне" пра свой досвед і назіранні: пра тое, як сустракаў палітычных "хімікаў", пра сваіх палітычных сукамернікаў, і галоўнае — пра параўнанне ШІЗА з адміністрацыйнымі суткамі, і ўмовы ў ІЧУ з тымі, што былі тры гады таму.
"Пасля трох гадоў ізаляцыі яшчэ нават з сітуацыяй не разабраўся ў краіне"
"56 дзён я падыхаў вольным паветрам [пасля калоніі]. Ну як вольным — раз на тыдзень трэба было ездзіць у міліцыю", — кажа Святаслаў пра сваё вызваленне і паўторнае зняволенне.
У адным з такіх абавязковых візітаў у міліцыю ў Святаслава раптам праверылі тэлефон:
"Я лічыў, што ён стэрыльны, аднак аказалася, што нельга перасылаць нават у прыватку паведамленні. І ў мяне паведамленне там ад "Люстэрка" зусім бяскрыўднае: пра тое, што Польшча перастала выдаваць візы на той момант. Я гэта паведамленне пераслаў і забыўся. Яны зайшлі, зачапіліся за яго, і гэта стала падставай для пратаколу па арт.19.11 — "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Я пасля трох гадоў ізаляцыі яшчэ нават з сітуацыяй не разабраўся ў краіне: якія новыя рэаліі за тры гады сталі, што ўзмацніліся рэпрэсіі, што ўсё стала толькі горш".
Святаслаў трапіў у ізалятар часовага ўтрымання Мінскага раёна. Яго судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе прайшло анлайн і доўжылася каля пяці хвілін:
"На суд вадзілі ў кайданках, зашпіленых спераду. Яны ўжо загадзя ведаюць, што табе будзе. Гэта ўсё такі фарс... У мяне ўжо быў суд па крыміналцы, а потым па апеляцыі. Калі казаць пра беларускае правасуддзе, то ў мяне гэта толькі ўсмешку выклікае. Гэта проста тэатр, гэта акцёры, якія граюць, усё ўжо загадзя наканаванае. Гэта фармальная працэдура, якая патрэбна толькі для іх саміх. Яны робяць выгляд, што працуюць".
Камера: "Было 13 чалавек, і адзін быў бязногі"
Першыя суткі Святаслаў правёў у камеры на два чалавекі:
"Ворагаў", назавем іх так, набіваюць у адну "хату" колькі заўгодна. Я ўжо думаў, што нічому не здзіўлюся, але ў двушцы ў нас у нейкі момант было 13 чалавек, і адзін быў бязногі".
Потым былога палітвязня перавялі ў чатырохмясцовую камеру — там утрымлівалася 14 чалавек:
"Саджаюць "палітыкаў" з "палітыкамі". Гэта прыемныя інтэлігентныя людзі — рыэлтар, іпэшнік, студэнт, былы пераможца шоу "Халасцяк" на АНТ. Людзі прыемныя, цікавыя.
Як спалі, калі так шмат людзей? На падлозе драўлянай. Днём фармальна на падлозе спаць нельга — і як хочаш. Я пад моцным уражаннем выйшаў. Пад вельмі моцным. Да сутачнікаў стаўленне надзвычай дрэннае".
"Парадкі становяцца ўсё больш жорсткімі"
Святаслаў адзначае, што такое асаблівае стаўленне тычыцца менавіта тых, хто затрыманы па палітычных артыкулах.
"Не гасіцца святло, хоць у астатніх ноччу выключаюць святло. Яны прыдумалі праверкі, што ў дзве гадзіны ночы яны падыходзяць, адкрываюць акенца ў дзверы.
У душ не водзяць, хоць абавязаныя. Забіраюць курткі, хоць зіма і цяпер холадна. Не дай бог у цябе хранічнае што-небудзь, лекаў дамагчыся вельмі праблемна. Як гэта, правесці 15 сутак не чысцячы зубы і не карыстаючыся зубной ніткай? Як правесці 15 сутак, калі спаць трэба па чарзе, ды і яшчэ і святло не гасіцца? Адным словам, цяжка.
Я мыўся над прыбіральняй і з крана вадой (вада — халодная). Загартоўвае, напэўна..."
Святаслаў параўноўвае свае ўмовы ўтрымання цяпер — у канцы 2023 года — і тры гады таму, калі яго затрымалі паводле крымінальнага артыкула:
"Вельмі коратка адкажу: яны зрабілі цяпер Акрэсціна паўсюль. Гэта сістэма, якая імкнецца ўсюды да аднаго ўзору. У іх адна форма, адны зорачкі, адзін стандарт на ўсё. Уніфікацыя. І так атрымалася, што я цяпер адбываў на Скарыны, 20 [адрас ІЧУ Мінскага раёна — заўв]. І першы раз, калі я загрымеў тры гады таму, я таксама там быў. Дык вось калі возьмем тры гады таму, то там меліся матрацы, меліся коўдры, нейкая літаратура, часопісы старыя ў камерах. І я быў зусім уражаны, калі цяпер я туды трапіў, яны прыбралі мала таго, што бялізну, яны паадрывалі са сцен нават нейкія дазволеныя, якія яны калісьці ўсталёўвалі, такія вельмі грубыя паліцы. Забаранілі перадачы. Парадкі становяцца ўсё больш жорсткімі.
Заўсёды ў іх былі дзве праверкі ў дзень — калі здаецца змена. Зараз жа дадалося такое, што калі я па нейкіх асаблівых артыкулах, то ў іх яшчэ начныя праверкі: у дзве гадзіны і чатыры гадзіны ночы. Сяржант адкрывае кармушку [акенца для падачы ежы] — і ты абавязаны назваць сябе.
Гэта для чаго? Сон табе сапсаваць?
Гэты новы начальнік ІЧУ сам жа свае ж парадкі ўнутры сістэмы парушае. Дапусцім, на дзвярах унутры заўсёды вісяць правілы ўнутранага распарадку, дзе паказаны рэжым, твае абавязкі і твае правы. А ён іх паздымаў. А потым (гэта мне так перадалі) сказаў, што да вас асаблівыя ўмовы — і гэтую паперку забраў. І калі мы спрабавалі запярэчыць: пачакайце, дык у вас жа рэжым, тут напісана чорным па белым! — для вас асаблівыя ўмовы.
У хлопцаў курткі забралі. Умовы цяжкія. Блашчыцы, прусакі, бяздомныя, антысанітарыя, хамства. Мала прыемнага".
Бяздомных, як кажа Святаслаў, саджаюць да затрыманых па палітычных матывах спецыяльна — для ціску на іх.
"Ён нямыты, ён прывык жыць на вуліцы і дрэнна пахне. Бяздомны, інвалід, дзядуля, які не ў сабе, храпучы чалавек... Яны спецыяльна падкладаюць да цябе такіх людзей — яны цябе правакуюць. А гэта побыт, гэта разам. Рана ці позна здараецца канфлікт. Гэта проста правакацыя такая".
"Хатняя хімія": "Заскочыў за сумессю для дзіцяці ў гіпермаркет "Грын", а там на фудкорце прадаюць піва"
На "сутках" Святаслаў сустрэў і тых палітычных, хто адбываў "хатнюю хімію" (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і быў затрыманы за парушэнне рэжыму:
"Вы маладая сям'я, вы працуеце, у вас дзіця грудное, але ў вас абаіх "хатняя хімія". І як людзям схадзіць у краму, з'ездзіць у гандлёвы цэнтр? У іх вельмі надзвычай жорсткія ўмовы абмежавання волі, плюс яшчэ кантроль за ўсімі, вось гэтыя камеры распазнання асоб — і людзі трапляюцца на тым, што ён хутка заскочыў за сумессю для дзіцяці ў гіпермаркет "Грын", а там на фудкорце прадаюць піва. І фармальна гэта ўжо парушэнне. Фармальна па законе ён у неналежны час знаходзіўся ў месцы, дзе разліваюць алкаголь.
І суддзя тут мае ўсе рычагі, каб яго закрыць. Усё — тата едзе на суткі, мама сядзіць адна".
"Я думаў, што мяне ўжо нічога не здзівіць"
Свой вопыт адміністрацыйных сутак Святаслаў мімаволі параўноўвае з крымінальным затрыманнем:
"У мяне ШІЗА больш за 150 сутак, і я думаў, што мяне ўжо нічога не здзівіць. Але вось гэтыя 15 сутак у ІЧУ мяне нармальна шаканулі, скажам так, я не чакаў, і гэта было вельмі цяжка. Ты сядзіш, ты не ведаеш — у іх ужо ёсць да чаго прычапіцца, у іх ёсць твой тэлефон. Як чалавек, які ўжо пражыў гэта, можа зразумець, што гэта не кіно, дзе суд прысяжных, адвакаты і іншае — не. Калі захочуць, яны цябе закрыюць, а матэрыялы на 364-ю яны знойдуць. Я на пякотцы ўсе 15 сутак правёў, і кожны стук дзвярэй я думаў: а ці не за мной гэта цяпер?
Не трэба думаць, што пранясе. Добра, што паспеў зматацца.
Хто хоча ведаць, што там адбываецца, і каму цікава, хай "Архіпелаг ГУЛАГ" пачытае Салжаніцына. На самай справе вельмі сумна, я думаю, проста метады энкавэдэшныя. У кабінетах, дарэчы, у іх георгіеўскія стужачкі, бюсцікі Фелікса Дзяржынскага — яны прымаюць гэтыя традыцыі цалкам".
Мінімум 310 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені
"У мяне і так працы шмат, а тут яшчэ вамі, бэчэбэшнікамі, займацца". Гісторыя Яўгена Сухаверха — у выразах, пачутых ад сілавікоў
Мінімум 2 000 арыштаваных: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў 2023 годзе