Мінімум 310 затрыманых: вынікі адміністрацыйнага пераследу ў студзені
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў. У студзені праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі не менш за 560 фактаў рэпрэсій, з якіх мінімум 310 — затрыманні. Гэта прыкладна па 10 затрыманых у дзень. Таксама ў мінулым месяцы было разгледжана мінімум 349 адміністрацыйных справаў. Суды прызначылі не менш за 46 адміністрацыйных арыштаў і 77 штрафаў. "Вясна" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў студзені.
Вынікі рэйду 23 і 24 студзеня
Па ўсёй Беларусі 23 студзеня супрацоўнікі КДБ зладзілі масавыя ператрусы, допыты і затрыманні сваякоў і блізкіх палітвязняў, а таксама былых палітзняволеных, якія нядаўна выйшлі з месцаў зняволення і заставаліся жыць у краіне. Паводле "Вясны", пад пераслед трапілі сама меней 200 чалавек. Пасля ператрусаў людзей забіралі на допыты, а потым адпускалі з падпіскай аб неразгалошванні.
У выніку некалькі дзясяткаў чалавек асудзілі паводле адміністрацыйных спраў, а некаторых затрымалі ў межах крымінальных справаў.
Супраць тых, у каго сілавікі знайшлі "экстрэмісцкія рэпосты і падпіскі", або тых, хто "крычаў і размахваў рукамі падчас гутаркі з міліцыянтамі", былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Так, напрыклад, жонку палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча — Марыну Адамовіч — асудзілі да 15 сутак за "дробнае хуліганства" (арт. 19.1 КаАП).
"Хто дапамагае з перадачамі?" Падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў
Таксама пасля затрымання не выпусцілі і былога палітвязня Аляксея Раманава, у якога раней дыягнаставалі анкалогію. Яго забралі на допыт у КДБ па падазрэнні ва ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні". Як стала вядома "Свабодзе", пасля шматгадзіннага допыту ў гомельскім упраўленні КДБ Аляксей трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Увечары таго дня яго падвезлі пад ягоны дом, каб сваякі перадалі яму рэчы і лекі. Пазней Раманава асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў".
Палачанку Людмілу Анашкевіч арыштавалі на 15 сутак за "экстрэмісцкую" спасылку ў прыватнай перапісцы. Супрацоўнікі КДБ забралі ў яе мабільны тэлефон і лісты палітзняволенай лідаркі незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгі Брыцікавай. Падставай для складання пратакола стала прыватная перапіска са знаёмым, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы: жанчына пераслала яму спасылку на артыкул з рэсурса, які прызналі "экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй".
Суды па новым адміністрацыйным артыкуле
Таксама стала вядома, што некалькі чалавек асудзілі да штрафаў паводле ч. 2 арт. 24.15 КаАП – "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці або іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Гэты артыкул раней у Беларусі не выкарыстоўваўся.
У Беларусі пачалі судзіць за "выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці"
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе новую рэпрэсіўную практыку беларускіх уладаў.
Былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак
Былы карэспандэнт незалежнага сайта "Першы Рэгіён" Сяргей Гардзіевіч з Драгічына быў затрыманы 24 студзеня. Супраць яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост у сацыяльных сетках публікацыі з сайта "Ганцавіцкі час".
26 студзеня ў судзе Драгічынскага раёна разглядзелі справу Сяргея. Суддзя Юлія Кукса прызнала яго вінаватым і асудзілі да 15 сутак арышту. Пры гэтым, суддзя не прыняла да ўвагі тое, што ў Сяргея значна пагоршылася здароўе: ён страціў прытомнасць і вымушаны быў неаднаразова звяртацца да лекараў.
За "экстрэмізм" у "Аднакласніках" аштрафавалі жыхарку Наваполацка
Суддзя Зінаіда Балаболава 11 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" пакарала штрафам у памеры 600 рублёў удзельніцу Школы ўсходняга танца "Джан" Вольгу Сачыўку.
У судовым пасяджэнні стала вядома, што Вольга на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" мела спасылкі на інтэрнэт-супольнасць з назвай "STOP LUKA" і інтэрнэт-старонку з назвай "Belsat". Жанчына ў судзе віну прызнала, на даследаванні доказаў па справе не настойвала.
Таццяну Севярынец аштрафавалі на 5 400 рублёў
Пра затрыманне маці палітзняволенага Паўла Севярынца стала вядома 9 студзеня. Пасля затрымання жанчына трапіла ў бальніцу, а пазней яе адпусцілі дадому. Супраць жанчыны склалі два пратаколы: за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і "несанкцыянаванае пікетаванне" (арт. 24.23 КаАП).
25 студзеня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска разглядзелі справу Таццяны. Вынікам стаў штраф памерам у 5 400 рублёў (135 базавых велічыняў).
Маці непаўнагадовага дзіця, затрыманую на мяжы, асудзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"
У Воранаве 3 студзеня адбыўся суд над жанчынай, якая выхоўвае маленькае дзіця. Паводле матэрыялаў справы, у пункце пропуска "Беняконі" падчас праверкі тэлефона ў жанчыны знайшлі падпіску ў Instagram на "экстрэмісцкую" старонку. Суд прызначыў ёй 25 базавых велічыняў штрафу (1 000 рублёў).
Мінімум 207 затрыманых па вяртанні ў Беларусь: актуальная статыстыка ад "Вясны" за 2023 год
"Вясна" сабрала ўсю вядомую інфармацыю пра пераслед людзей, якія вяртаюцца ў Беларусь з-за мяжы.
Двух "хімікаў" асудзілі за "экстрэмісцкія" падпіскі
У сярэдзіне студзеня ў Гродне і Пружанах адбыліся суды над двума асуджанымі да абмежавання волі, якія цяпер адбываюць тэрміны ў ПУАТ-24 і ПУАТ-7. Прычынай для складання пратаколаў паводле 19.11 КаАП сталі падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы. У выніку аднаго мужчыну арыштавалі на 15 сутак, а другому прызначылі штраф памерам у 30 базавых велічыняў (1 200 рублёў). Імёну асуджаных высвятляюцца.
Трэці раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскай стачкі
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 9 студзеня за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў арыштавала на 15 сутак работніка ААТ "Нафтан" Аляксандра Ляшкова. Гэта трэцяя запар арышт ўдзельніка стачкі 2020 года. Агулам яму прызначылі 44 дні арышту.
Паводле рапарту міліцыянта з Наваполацкага ГАУС, Аляксандр у чаце з назвай "ААТ "Нафтан" неабыякавых людзей" даслаў спасылку з відэахостынгу "Youtube" з назвай "Кардынацыйная рада". Раней гэты рэсурс уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На судовым пасяджэнні мужчына віну не прызнаў.
Новапалачанін патэлефанаваў на "102" і сказаў "Слава Украіне" — яго арыштавалі на 15 сутак
У Наваполацку 12 студзеня адбыўся суд над мясцовым жыхаром. Яго абвінавацілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваны пікет). Прычына — тэлефонны званок на "102", падчас якога мужчына сказаў "Слава Украіне". Сваю віну на судзе ён прызнаў. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла яму 15 сутак арышту.
Ад "сутак" да прастрэленых каленяў: вынікі пераследу беларусаў за антываенную пазіцыю
"Вясна" распавядае пра пераслед беларусаў за антываенную пазіцыю.
У Смаргоні за падпіску на Tribuna арыштавалі дырэктара спартыўнай школы
Дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе "ФК "Смаргонь" Дзяніса Лобана арыштавалі на сем сутак за падпіску на Tribuna у Instagram. Старонка ў яго была адкрытай. Справу разгледзелі 17 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна. Мужчына прызнаў віну — гэта палічылі змякчальнай акалічнасцю. Суд прызначыў яму сем сутак арышту з канфіскацыяй тэлефона.
Дзяніс Лобан узначаліў школу ў 2023 годзе. У мужчыны — двое дзяцей 17 і 14 гадоў.