Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 27-29 студзеня Дапоўнена
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Музыкаў Nizkiz перавялі на "Валадарку" — супраць іх распачалі крымінальную справу
Пра гэта паведаміла 29 студзеня MAYDAYTEAM. Які менавіта артыкул ставіцца ў віну музыкам — невядома.
Нагадаем, вакаліста і аўтара песень Аляксандра Ільіна, бас-гітарыста Сяргея Кульшу і бубнача Дзмітрыя Халяўкіна затрымалі 5 студзеня.
Падтрымаць музыкаў: СІЗА №1,220030, Мінск, Валадарскага, 2, Ільін Аляксандр Васільевіч, Халяўкін Дзмітрый Алегавіч, Кульша Сяргей Іосіфавіч
У Наваполацкай ПК-1, верагодна, эпідэмія грыпу
Як паведаміла 29 студзеня MAYDAY.TEAM, медчастка калоніі — перапоўненая. Палова другога і дзясятага атрадаў — прастуджана, агулам захварэлі сотні асуджаных
Паведамляецца, што вязням забаранілі тэлефонныя званкі.
Свае тэрміны ў ПК-1 адбываюць 106 палітвязняў.
Былога палітвязня і журналіста Сяргея Гардзіевіча арыштавалі на 15 сутак
Былы карэспандэнт незалежнага сайта "Першы Рэгіён" Сяргей Гардзіевіч з Драгічына быў затрыманы 24 студзеня. Супраць яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП за рэпост у сацыяльных сетках публікацыі з сайта "Ганцавіцкі час".
Як паведаміў БАЖ, 26 студзеня ў судзе Драгічынскага раёна раўглядзелі справу Сяргея. Суддзя Юлія Кукса прызнала яго вінаватым і асудзілі да 15 сутак арышту. Пры гэтым, як адзначае "БАЖ", суддзя не прыняла да ўвагі тое, што ў Сяргея значна пагоршылася здароўе: ён страціў прытомнасць і вымушаны быў неаднаразова звяртацца да лекараў.
У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" буйны Telegram-чат, у якім дапамагалі з пераездам з Беларусі ў Польшчу
Гаворка пра чат "Poland.Business Harbour_Belarus", які мае больш за 10,5 тысяч удзельнікаў. У яго апісанні пазначана, што гэта "суполка для тых, хто пераязджае ў Польшчу з Беларусі". Адпаведнае рашэнне прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 23 студзеня.
Акрамя таго "экстрэмісцкім" прызнаны буйны Telegram-канал "ОНА РАЗВАЛИЛАСЬ" — у ім публікуюцца архіўныя фотаздымкі з постасавецкай прасторы часоў СССР і 90-ых.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі Telegram-каналы і чаты: "Наша Ніва українською", "Кадравы Рэзерв", "Хроники идейных Цыган", "Христиане против войны!", "Андрей Луганский тут", "Center Ostropa", "URBANOVICH", "Протесты в мире", "Свядомы Змагар".
Супрацоўніка "Нафтана" арыштавалі за "экстрэмісцкую" песню ў сацсетках
Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 12 снежня за падпіску на "экстрэмісцкую" песню ў сацыяльнай сетцы вынесла пастанову аб арышце на 15 сутак работніка ААТ "Нафтан" Яўгена Міхайлоўскага, паведаміла "Віцебская Вясна".
У судовым пасяджэнні Яўген віну прызнаў і звярнуў увагу на тое, што ён сапраўды размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Укантакце" відэаролік Ігара Палынскага з назвай "Sumarok - 2020" і не ведаў пра тое, песня была напісана пасля затрыманняў на адным з нядзельных маршаў.
Таксама мужчына не быў у курсе, што кліп уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
За "экстрэмізм" аштрафавалі інжынерку "Нафтана"
Як паведаміла "Віцебская Вясна", суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 14 снежня за падпіску ў сацыяльнай сетцы на пяць "экстрэмісцкіх" інфармацыйных рэсурсаў пакарала штрафам у памеры 740 рублёў інжынерку па каштарыснай працы ААТ "Нафтан" Марыю Ганчук.
У судовым пасяджэнні стала вядома, што Марыя на сваёй старонцы ў "Instagram" мела спасылкі на публікацыі каналаў: "SYMBAL.BY", "Радыё Свабода – Беларусь", "Belsat", "Наша Ніва" і "NEXTA".
Супрацоўнікі міліцыі пайшлі па кватэрах актывістаў у Мінску
Крыніцы "Белсат" паведамілі 28 студзеня, што прыходзяць нават да тых, хто не ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года. Ім "прапаноўваюць" падпісаць папярэджанне аб забароне парушэння грамадскага парадку.
ГУБАЗіК апублікаваў "пакаяльнае відэа" з беларусам, які нібыта зрабіў 37 данатаў
Мужчына на відэа ад 28 студзеня "прызнаецца" ў тым, што нібыта "зрабіў каля 37 данатаў на агульную суму 350 з нечым еўра і 30 долараў". За гэта затрыманага прымусілі "зрабіць ахвяраванне" на суму ў 3850 (рублёў ці долараў — не паведамляецца).